Белорусский портал в Казахстане

Беларусь наведае дэлегацыя Омскай вобласці Расіі на чале з губернатарам



10—13 сакавіка Беларусь наведае дэлегацыя Омскай вобласці Расійскай Федэрацыі на чале з губернатарам Віктарам Назаравым.

Як паведамляе прэс-служба МЗС, падчас візіту запланаваныя сустрэчы Назарава з прэм`ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам, старшынямі Мінскага і Гомельскага аблвыканкамаў.

12 сакавіка ў Доме Масквы адбудзецца прэзентацыя эканамічнага і інвестыцыйнага патэнцыялу Омскай вобласці, пройдзе кантактна-кааперацыйная біржа з удзелам прадстаўнікоў беларускіх і омскіх дзелавых колаў.

"З мэтай практычнай прапрацоўкі перспектыўных кірункаў двухбаковага супрацоўніцтва дэлегацыя наведае беларускія машынабудаўнічыя прадпрыемствы ААТ "Амкадор" — кіраўніцкая кампанія холдынгу", ААТ "Мінскі аўтамабільны завод" — кіраўніцкая кампанія холдынгу "БелаўтаМАЗ", ААТ "МЗКЦ", РУП "МТЗ", а таксама РУП "НПЦ па механізацыі сельскай гаспадаркі" Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, паведамляе прэс-служба МЗС.

Дэлегацыя таксама наведае ВА "Гомельскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання "Гомсельмаш", ААТ "Гомельагракамплект", агракамбінат "Холмеч", СЭЗ "Магілёў, ААТ "Магілёўхімвалакно", ВРУП "Аршанскі льнокамбінат" і шэраг прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці.

Падчас візіту адбудуцца сустрэчы і перамовы членаў афіцыйнай і бізнес-дэлегацыі Омскай вобласці ў рэспубліканскіх органах дзяржаўнага кіравання па розных кірунках супрацоўніцтва, якія ўяўляюць узаемную цікавасць.

Апрача таго, дэлегацыя азнаёміцца са шматфункцыянальным культурна-спартыўным комплексам "Мінск-Арэна", наведае Нацыянальную бібліятэку Беларусі і ўскладзе вянок да манумента на плошчы Перамогі.

Паводле звестак беларускай статыстыкі, у 2012 годзе тавараабарот Беларусі і Омскай вобласці склаў 227 млн. долараў ЗША і ў параўнанні з 2011 годам павялічыўся на 34,6%, экспарт — 79,8 млн. долараў, павялічыўся на 28,5%, імпарт — 147,2 млн. долараў, павялічыўся на 38,1%.

Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 8 сакавіка 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17/63/19743
Текущая дата: 27.12.2024