Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і Расія падпісалі генкантракт на будаўніцтва АЭС



У рэзідэнцыі "Заслаўе" падпісаны генеральны кантракт на будаўніцтва беларускай атамнай электрастанцыі.

Падпісанне адбылося паводле вынікаў перамоў прэм`ер-міністраў Беларусі і Расіі Міхаіла Мясніковіча і Дзмітрыя Мядзведзева ў пашыраным складзе.

Падпісана таксама пагадненне аб супрацоўніцтве і сумеснай дзейнасці паміж беларускай страхавой кампаній "Белэксімгарант" і расійскім агенцтвам па экспартным страхаванні "Эксар".

"Беларусь будзе рада бачыць расійскія кампаніі ў ліку акцыянераў, уласнікаў нашай нерухомасці, а таксама будзе рада рэалізацыі расійскімі кампаніямі інфраструктурных сеткавых праектаў", — адзначыў на пасяджэнні Міхаіл Мясніковіч.

Беларускі прэм`ер падкрэсліў, што адным з ключавых пытанняў эканамічных адносін дзвюх краін з`яўляецца забеспячэнне роўных правоў і ўмоў для суб`ектаў гаспадарання.

"Са стварэннем Адзінай эканамічнай прасторы мы прасунуліся ў вырашэнні гэтых пытанняў, аднак у нас па-ранейшаму няма агульнага рынку і існуюць пэўныя выключэнні і спецыяльныя ўмовы гандлю. Нам трэба ліквідаваць гэтыя бар`еры, збліжаць нашы пазіцыі", — сказаў Мясніковіч.

Ён таксама адзначыў, што найбліжэйшым часам гэтыя пытанні плануецца абмеркаваць у межах камісіі ЕўрАзЭС.

Беларускі прэм`ер нагадаў пра ўваходжанне Расіі ў СГА і падкрэсліў: неўзабаве камісія ЕўрАзЭС разгледзіць пытанні стварэння неабходных умоў для Беларусі. "Каб не дапусціць страты эканомікі Беларусі", — растлумачыў ён. Гэтыя пытанні, паводле слоў Мясніковіча, трэба вырашыць у трэцім квартале.

Адзначыўшы, што беларускі ўрад часта папракаюць у адсутнасці рэформ і сістэмных пераўтварэнняў, прэм`ер падкрэсліў: дзве траціны ВУП і 50% падатковых паступленняў забяспечвае недзяржаўны сектар эканомікі.

Са свайго боку Дзмітрый Мядзведзеў падкрэсліў, што эканамічныя адносіны Беларусі і Расіі на ўздыме, сведчаннем чаго з`яўляецца рэкордны ў гісторыі дзвюх краін тавараабарот.

Гэта, паводле слоў Мядзведзева, з`яўляецца вынікам двухбаковай працы, а таксама стварэння Мытнага саюза і АЭП. "Задача — гэтыя станоўчыя пазіцыі ў эканамічнай сферы замацаваць. Для гэтага на доўгатэрміновай аснове нам трэба выйсці на рэалізацыю шэрагу сумесных інтэграцыйных праектаў", — сказаў расійскі прэм`ер.

Адным з такіх праектаў ён назваў будаўніцтва беларускай АЭС. "Спадзяюся, мы зможам рэалізаваць і іншыя праекты па розных кірунках", — дадаў Мядзведзеў. Паводле яго слоў, калі гэта атрымаецца зрабіць, Беларусь і Расія не будуць залежаць ад цэн на нафту, газ і іншыя рэсурсы.

Пасля сустрэчы кіраўнікоў урадаў у пашыраным складзе пачалося пасяджэнне Савета міністраў Саюзнай дзяржавы.

Андрэй Кажамякін БелаПАН
Заслаўе, 18 ліпеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17/69/15188
Текущая дата: 26.12.2024