Белорусский портал в Казахстане

Ратавальнікі Беларусі і Расіі правядуць у ліпені сумесныя вучэнні на тэрыторыі Беларусі і Расіі



Пра гэта паведаміў кіраўнік МНС Беларусі Уладзімір Вашчанка падчас парада, прысвечанага Дню пажарнай службы, 21 ліпеня ў Мінску.

Вучэнні стартуюць 26 ліпеня, паведаміў Вашчанка. Паводле яго слоў, у межах вучэнняў будуць адпрацоўвацца сумесныя дзеянні па ліквідацыі аварый на аб`ектах транспарціроўкі энергарэсурсаў, нафта- і газаправодах, а таксама "іншыя сітуацыі патэнцыяльнага ўзаемадзеяння".

"Пачнуцца гэтыя вучэнні ў Смаленскай вобласці, прадоўжацца ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях", — сказаў Вашчанка. Ён удакладніў, што вучэнні будуць праведзеныя з мэтай выканання даручэнняў адной з сумесных калегій МНС дзвюх краін.

Парад, прысвечаны Дню пажарнай службы Беларусі, прайшоў на праспекце Незалежнасці. Гледачы ўбачылі тэхніку, якая стаяла на ўзбраенні беларускіх пажарных і ратавальнікаў у розныя часы. За старажытнымі ўзорамі сродкаў пажаратушэння прайшла сучасная тэхніка.

Свята прадоўжылася ў парку імя Горкага, дзе мінчан і гасцей сталіцы чакала выстава тэхнікі, якая знаходзіцца на ўзбраенні беларускіх ратавальнікаў. На цэнтральнай сцэне прайшоў святочны канцэрт. На тэрыторыі парку працуюць гульнёвыя пляцоўкі, палявая кухня. Таксама ва ўсіх наведнікаў ёсць магчымасць пакантактаваць з чатырохногімі ратавальнікамі з кіналагічнай службы.

БелаПАН, 21 ліпеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17/69/15447
Текущая дата: 26.12.2024