Рэзідэнт ПВТ — кампанія Apalon — выпусцў новы бясплатны мабільны дадатак з беларускімі фальклорнымі аўдыёказкамі.
Kazki — некамерцыйны праект, мэта якога —прыцягнуць увагу да беларускай гісторыі, аўтэнтычнай культуры і вуснай творчасці.
Матэрыял для праекта быў сабраны ў розных кутках Беларусі. У казках адлюстраванае жыццё нашых продкаў, якое дзіўным чынам пераклікаецца з сённяшняй рэчаіснасцю.
Мабільная праграма дае магчымасць праслухаць 53 творы, якія на працягу 20 гадоў збіраў беларускі музыка Алег Хаменка. Фолк-мадэрн гурт «Палац», лідарам якой ён з’яўляецца, прыняла ўдзел у агучванні казак. Усе яны аб’яднаныя ў тэматычныя катэгорыі: «Чароўныя казкі», «Казкі пра жывёл», «Дзіўныя казкі», «Казкі пра жыццё», «Павучальныя казкі» і «Казка пра салдата-доктара».
Кампанія Apalon зрабіла мабільны дадатак абсалютна бясплатным і даступным адразу на двух платформах: для карыстальнікаў iOS і Android. У далейшым яна плануе падтрымліваць яго і папаўняць існуючую бібліятэку.
«Новы час патрабуе новых фарматаў, і мабільная праграма — гэта менавіта тое рашэнне, якое дазволіць беларусам па ўсім свеце дакрануцца да сваёй гісторыі, культуры і да сваіх каранёў», — кажа прадзюсар праекта Андрэй Залатар.
«Самасвядомасць і светаўспрыманне кожнай нацыі заснаванае на гісторыях, якія людзі здаўна распавядаюць адзін аднаму. Беларускія казкі — найбагацейшая крыніца натхнення і гонару. Я рады ўнесці свой сціплы ўклад у працу выдатнай каманды, якая выпусціла Kazki. Разам мы стварылі праграму, якая аб’яднала тэхналогіі, культуру і гісторыю, якая зможа стаць часткай беларускай спадчыны», — падкрэслівае генеральны менеджар Apalon Закары Розман.
«Мы будзем рады, калі беларуская IT-супольнасць падхопіць ініцыятыву некамерцыйных праектаў па захаванні і падтрымцы беларускай мовы і культурнай спадчыны, — дадаў дырэктар па прадуктах Apalon Алег Сосна. —Вакол шмат ідэй, якія можна ўвасобіць у жыццё».
Спампаваць праграму KAZKI можна па спасылках:
App Store:
Google Play:
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/18-/4/48143
Текущая дата: 26.12.2024