Белорусский портал в Казахстане

Беларусь можа зарабляць на інтэлекце



Аб гэтым заявіў у інтэрв`ю тэлеканалу "Беларусь 1" генеральны дырэктар Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці (САІУ) Фрэнсіс Гары.

"Адна з пераваг вашай краіны - гэта кадры. Доля добра адукаваных спецыялістаў уражвае. Няхай у вас няшмат прыродных рэсурсаў, але сёння не менш важны чалавечы капітал. Вы сапраўды можаце зарабляць на інтэлекце", - сказаў Фрэнсіс Гары.

Рынак інтэлектуальных прадуктаў у Беларусі на ўздыме. У 2018 годзе зарэгістравана больш за 3 тыс. аб`ектаў прамысловай уласнасці, 62 працэнты - гэта таварныя знакі, больш за 20 працэнтаў - вынаходкі, астатняе - прамысловыя ўзоры, новыя сарты раслін і інтэгральныя схемы.

Акрамя таго, аб`ёмы інвестыцый, якія прыходзяць у краіну, сведчаць аб прывабнасці беларускага рынку для замежных кампаній, а таксама аб эфектыўна працуючай сістэме абароны інтэлектуальнай уласнасці.

Штогод ад замежных грамадзян паступае амаль 5 тыс. міжнародных заявак на рэгістрацыю таварных знакаў і вынаходак. Дзякуючы супрацоўніцтву з САІУ ў Беларусі створана сучасная нацыянальная сістэма аховы аб`ектаў інтэлектуальнай уласнасці.

Што да патэнтавання міжнародных вынаходак, то з 2015 года арганізацыя пачала атрымліваць заяўкі, якія датычацца штучнага інтэлекту, і з кожным годам іх становіцца ўсё больш.

"Такая тэндэнцыя прадоўжыцца, - упэўнены кіраўнік САІУ. - Сёння ёсць праблемы, у прыватнасці, тэхналогій Big Data. Хто павінен быць іх уладальнікам? Такія пытанні трэба абмяркоўваць разам. Нам цікавы ў сувязі з гэтым досвед ПВТ і ў цэлым Беларусі".

У ходзе візіту Фрэнсіса Гары ў Беларусь адбылася яго сустрэча з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам.

"Прыемна бачыць яго зацікаўленасць і ўсведамленне, наколькі важныя інавацыйная дзейнасць і абарона інтэлектуальнай уласнасці", - падкрэсліў Фрэнсіс Гары.

Акрамя таго, у час візіту быў падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж урадам Беларусі і Сусветнай арганізацыяй інтэлектуальнай уласнасці.

"Гэты мемарандум - працяг нашай сумеснай работы. Сфакусіруемся на больш канкрэтных пытаннях. Напрыклад, тых, што датычацца вырашэння спрэчак у сферы інтэлектуальнай уласнасці, узаемадзеяння на міжнароднай арэне", - сказаў ён.

Візіт Фрэнсіса Гары ў Беларусь адбыўся 3-5 чэрвеня. Праграма яго знаходжання ўключала як сустрэчы з афіцыйнымі асобамі, так і выступленне на адкрыцці рэгіянальнага семінара па актуальных аспектах выкарыстання правоў на аб`екты інтэлектуальнай уласнасці.
__________________________________________

САІУ - міжнародная арганізацыя, якая каардынуе міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы інтэлектуальнай уласнасці. Штаб-кватэра знаходзіцца ў Жэневе. Членамі САІУ з`яўляюцца 192 дзяржавы. Супрацоўніцтва Беларусі з САІУ пачалося ў 1967 годзе, членам арганізацыі рэспубліка стала праз тры гады. Асноўныя мэты арганізацыі - садзейнічанне ахове правоў на аб`екты інтэлектуальнай уласнасці праз супрацоўніцтва дзяржаў, ажыццяўленне адміністрацыйных функцый па міжнародных пагадненнях у сферы інтэлектуальнай уласнасці. Беларусі САІУ аказвае значную дапамогу ў развіцці нацыянальнай сістэмы інтэлектуальнай уласнасці. Асноўныя напрамкі супрацоўніцтва - удасканаленне заканадаўства Беларусі ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, развіццё нацыянальнай інфраструктуры, укараненне новых інфармацыйных тэхналогій, навучанне спецыялістаў.

10 чэрвеня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/18-/4/48301
Текущая дата: 22.11.2024