Белорусский портал в Казахстане

ПВТ зарэгістраваў больш за 100 новых рэзідэнтаў



Наглядальны савет Парка высокіх тэхналогій прыняў рашэнне аб рэгістрацыі 129 кампаній, паведамляе сайт парка.

Сярод рэзідэнтаў шмат замежных цэнтраў распрацовак, у тым ліку адна з буйнейшых у свеце мабільных ігравых кампаній "Плэйрыкс БіУай" са штаб-кватэрай у Дубліне.

Зарэгістраваны таксама сусветны вендар з Ізраіля, які спецыялізуецца на сеткавай бяспецы - "Чэк Пойнт Софтвер Тэкналоджыс Белрус".

Прыйшоў у Беларусь і лідар у распрацоўцы праграмнага забеспячэння для ўстаноў аховы здароўя "Сэнсары Тэкналоджыс" (Канада).

Швейцарская кампанія "Лувэа БЛР" таксама адкрыла цэнтр распрацоўкі ў Мінску і будзе займацца стварэннем сістэмы кіравання званкамі, інтэграванымі ў Microsoft Teams.

У парку цяпер працуе і сур`ёзны ігрок са сферы фітнесу - кампанія "СПГ Софтвэ Салюшнс" (Аўстрыя).

Прадстаўлены рэзідэнты з Вялікабрытаніі, Галандыі, ЗША. Новыя ІТ-кампаніі працуюць у прамысловым сектары. Мадэляваннем будынкаў і збудаванняў у рамках ПВТ зоймецца "ЭНЭКА" (BIM-праектаванне).

Кампанія "Фрэшлі Дата" распрацоўвае праграмнае забеспячэнне для аўтаматызацыі бізнес-працэсаў у сферы электроннага гандлю з выкарыстаннем воблачных тэхналогій і штучнага інтэлекту.

Стала рэзідэнтам і "Тут Бай Медыя", якая будзе аказваць паслугі ў сферы інтэрнэт-рэкламы і класіфайда.

"Альфа Арыён" займаецца распрацоўкай уласнага праграмнага забеспячэння для беспілотных лятальных апаратаў. Сярод навічкоў і стартап "Дыпды" (дыягностыка захворванняў чалавека па вочным дне).

Паводле інфармацыі парка, восем кампаній атрымалі адмоўнае заключэнне па выніках навукова-тэхнічнай экспертызы, яшчэ восем - пазбаўлены статусу рэзідэнта ПВТ.

Сёння ў Парку высокіх тэхналогій налічваецца 684 кампаніі.

3 кастрычніка 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/18-0/1/50127
Текущая дата: 24.04.2024