Белорусский портал в Казахстане

У ПВТ падключылі чалавечы мозг да камп`ютара



IT для медыцыны. ПВТ паказаў перадавыя праекты для здароўя.

4 кастрычніка Парк высокіх тэхналогій стаў вялікай прэзентацыйнай пляцоўкай для новых медыцынскіх праектаў.

Дырэктар ПВТ Усевалад Янчэўскі паказаў перадавыя распрацоўкі першаму намесніку прэм’ер-міністра Аляксандру Турчыну і кіраўніцтву Міністэрства аховы здароўя. 

Удзельнікі выставы маглі пратэставаць IT-рашэнні, якія былі прадстаўлены ў бізнес-інкубатары Парку. Усевалад Янчэўскі запусціў медыцынскі 3D-прынтэр — «лічбавага стаматолага». За час мерапрыемства станок раздрукаваў неабходныя імпланты для працы ўрача.

Прадстаўнікам Міністэрства аховы здароўя паказалі праекты ПВТ, якія ствараюцца сумесна з медыкамі. Стартап Skinive выкарыстоўвае нейрасеткі для вызначэння праблемных участкаў скуры з дапамогай камеры смартфона. Распрацоўка дапамагае ў выяўленні рызык анкалагічных захворванняў і накіроўвае інфармацыю аб трывожных сімптомах спецыялістам.

На адным з стэндаў ўдзельнікі пратэставалі шлем віртуальнай рэальнасці, які выкарыстоўваюць для рэабілітацыі дзяцей з ДЦП. Тэхналогію стартапа GKeyLab таксама плануюць выкарыстоўваць для лячэння шызафрэніі.

Медыкаў зацікавіў нейранавігатар для хірургаў ад кампаніі Promwad. Спецыяльная станцыя дазваляе мінімізаваць хірургічнае ўмяшанне, больш дакладна кантраляваць і планаваць аперацыйныя працэсы, а таксама павысіць прадуктыўнасць лекара.

Усяго ў Парку высокіх тэхналогій было прадстаўлена больш за 10 інавацыйных праектаў: змяшаная рэальнасць у траўматалогіі (Voka.io), гульнявое прыкладанне для барацьбы з дэпрэсіямі (Goodville), мабільны кардыяманітор (Cardio X), сканар з штучным інтэлектам (Aibion), электронны стэтаскоп ( Healthy Networks), нейрагарнітура (PigPug). Спецыяльна для дэлегацыі правялі трэніроўку па нейрафітнесе.

Пасля тэхналагічнай выставы ПВТ і Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве.

Размова працягнулася ў нефармальнай абстаноўцы, дзе былі абмеркаваныя сумесныя IT-праекты для аховы здароўя. Парк прадставіў карту медыцынскіх IT-кампаній Беларусі. За апошнія некалькі гадоў колькасць новых рашэнняў у гэтай сферы павялічылася ў некалькі разоў.

Звязда, 4 кастрычніка 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/18-0/3/50110
Текущая дата: 22.11.2024