Белорусский портал в Казахстане

У будаўніцтва "Вялікага каменя" ўкладзена ўжо каля $500 млн



Аб гэтым заявіў 2 ліпеня міністр эканомікі Беларусі Дзмітрый Крутой, выступаючы на адкрыцці форуму па рэгіянальным супрацоўніцтве і развіцці ў рамках ініцыятывы "Пояс і шлях", які праходзіць у парку.

Каля $500 млн ужо ўкладзена ў будаўніцтва Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень"

"У праект укладзена ўжо амаль $500 млн з усіх крыніц. Гэта акцыянеры, інвестары, бюджэты ўрадаў, крэдыты, тэхнічная дапамога, - сказаў міністр. - У парку зарэгістраваны 44 рэзідэнты, яшчэ 11 прыбавяцца сёння. Гэта мільярды долараў заяўленых інвестыцый, 354 га асвоенай стартавай зоны".

Гаворачы ў цэлым аб супрацоўніцтве Беларусі і Кітая, Дзмітрый Крутой адзначыў: за 10 гадоў тавараабарот дзвюх краін павялічыўся ў 2,7 раза, экспарт тавараў - у 3 разы, інвестыцыі Кітая ў нашу краіну - у 60 разоў, прамыя інвестыцыі - у 211 разоў. Партфель тэхніка-эканамічнай дапамогі складае сёння ўжо $500 млн і пастаянна расце.

Такім вынікам, паводле слоў міністра, садзейнічае найвышэйшы ўзровень палітычных адносін і асабістая дружба лідараў дзвюх краін. "Беларусь без разварушвання ўключылася ў рэалізацыю мегапраекта Кітая "Пояс і шлях" і мае намер спаўна скарыстацца сваім выгадным становішчам. За апошнія гады тут ужо ёсць пэўныя поспехі", - адзначыў кіраўнік ведамства.

Адным з іх і з`яўляецца будаўніцтва індустрыяльнага парка. Другое, на што звярнуў увагу Дзмітрый Крутой, - гэта работа з фінансавымі структурамі Кітая для забеспячэння праектаў Шаўковага шляху. "У студзені бягучага года Беларусь афіцыйна стала членам Азіяцкага банка інфраструктурных інвестыцый. Літаральна праз два тыдні разам з міністрам фінансаў у Люксембургу мы будзем абмяркоўваць пачатак рэалізацыі новых канкрэтных праектаў".

Актыўнаму развіццю двухбаковых узаемаадносін садзейнічае таксама двухбаковы бязвізавы рэжым, рэгіянальнае супрацоўніцтва.

"У нас заключана больш за 30 рэгіянальных пагадненняў усімі беларускімі абласцямі і Мінскам з правінцыямі і гарадамі Кітая. Тут схаваны каласальны патэнцыял нашага будучага развіцця", - лічыць Дзмітрый Крутой.

Форум па рэгіянальным супрацоўніцтве і развіцці ў рамках ініцыятывы "Пояс і шлях" праходзіць у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень".

Галоўная тэма форуму - "Адкрыты парк "Вялікі камень" - прыклад глабальных магчымасцей".

Сярод удзельнікаў - прадстаўнікі ўрадаў, кіраўнікі бізнес-асацыяцый, інвестыцыйных фондаў, банкаў, а таксама буйных кампаній з краін Еўрапейскага і Азіяцкага рэгіёнаў.

Гэта першае маштабнае мерапрыемства на тэрыторыі парка, якое стане працягам Форуму міжнароднага супрацоўніцтва "Пояса і шляху", што адбыўся ў красавіку бягучага года ў Пекіне.

Праграма форуму даволі шырокая. Ключавой тэмай пленарнага пасяджэння стане ўдзел дзяржаў у глабальнай ініцыятыве "Пояс і шлях".

На чатырох панэльных секцыях удзельнікі абмяркуюць інавацыйнае развіццё і новыя тэхналогіі, транспартныя і лагістычныя сістэмы, перспектывы супрацоўніцтва з фінансавымі інстытутамі, а таксама развіццё "Вялікага каменя" як разумнага экагорада. Запланавана падпісанне двухбаковых дакументаў, рэгістрацыя новых рэзідэнтаў парка.

2 ліпеня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/18-0/4/48672
Текущая дата: 26.12.2024