Белорусский портал в Казахстане

Лічбавізацыя забяспечыць больш эфектыўную работу рэальнага сектара эканомікі



Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 25 кастрычніка ў час даклада першага намесніка прэм`ер-міністра Аляксандра Турчына.

У ходзе даклада абмяркоўвалася пытанне па развіцці ІТ-сферы і лічбавізацыі эканомікі і краіны ў цэлым. 

"Розныя былі прапановы, яны зыходзілі ў асноўным непасрэдна ад айцішнікаў - стварыць ледзь не асобны ўрад па лічбавізацыі краіны, потым стварыць міністэрства лічбавай эканомікі, - адзначыў Прэзідэнт. - Мы ўжо шмат працуем над развіццём ІТ-сферы, у тым ліку з часу стварэння Парка высокіх тэхналогій вопыт напрацоўвалі". 

Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, сёння гэтага вопыту дастаткова, каб рабіць чарговыя крокі ў развіцці не толькі ПВТ, але лічбавізацыі ўсёй краіны. 

"Гэта, вядома, модна, але справа не ў модзе. На мой жаль, можа, і на ваш, справа ў тым, што будучае нашай краіны - не толькі ў рэальным сектары эканомікі і яго развіцці. А, можа, і на шчасце, таму што для рэальнага сектара эканомікі, вы ведаеце, амаль усю сыравіну мы набываем. А вось ІТ-сфера і яе развіццё, даходы ад яе - гэта мазгі, гэта чалавечы капітал, і ў гэтым плане мы можам вельмі шмат мець для развіцця краіны і для дабрабыту нашага народа. Ад рэальнага сектара мы нікуды не адыдзем - лічбавізацыя забяспечыць больш эфектыўную яго работу", - сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Прэзідэнт пацікавіўся, што "ў бліжэйшы час трэба зрабіць і як адказаць на пытанні, якія задаюць нашы айцішнікі". 

"Яны, вядома, малайцы, адчулі, што грошы там можна зарабіць. А для гэтага патрэбны людзі. Яны гатовы ўкладаць свае сродкі ў адукацыю, развіццё і гэтак далей. Гэта і добра, таму што льготы ў іх беспрэцэдэнтныя, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Трэба паціху ўкладаць сёння, каб атрымаць заўтра большы даход, большы прыбытак і большую рэнтабельнасць, а таксама - і эфектыўнасць іх работы". 

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў: "Мы не павінны памыліцца і павінны стварыць самыя выгадныя ўмовы для развіцця ІТ-сферы". Па выніках даклада было даручана правесці ў I квартале 2019 года нараду з удзелам Прэзідэнта Беларусі па развіцці лічбавай эканомікі ў краіне. Мерапрыемства, як чакаецца, будзе маштабным, але не па колькасці ўдзельнікаў, а па важнасці мэт і задач, якія стаяць перад краінай у сувязі з маючай адбыцца лічбавізацыяй эканомікі.

25 кастрычніка 2018, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/18-0/5/45426
Текущая дата: 27.12.2024