Белорусский портал в Казахстане

Амаль 500 іншаземцаў уладкаваліся на работу ў ПВТ з пачатку дзеяння дэкрэта аб лічбавай эканоміцы



Спрошчаным парадкам працаўладкавання ў Парку высокіх тэхналогій з канца сакавіка 2018 года скарысталіся амаль 500 іншаземцаў. Такая інфармацыя размешчана на сайце МУС.

Большасць іншаземцаў, якія прыйшлі на работу ў ПВТ, - грамадзяне Расіі, Украіны, Казахстана і Азербайджана.

"У Беларусі праводзіцца мэтанакіраваная работа па прыцягненні высокакваліфікаваных замежных спецыялістаў. У прыватнасці, пашыраецца спіс катэгорый асоб, для якіх наймальнікам не патрабуецца атрыманне дазволу для прыцягнення замежнай рабочай сілы, а таксама спецыяльны дазвол на права займання працоўнай дзейнасцю ў нашай краіне.

Такая магчымасць з`явілася ў рэзідэнтаў ПВТ у адпаведнасці з дэкрэтам нумар 8 "Аб развіцці лічбавай эканомікі", які ўступіў у сілу 28 сакавіка мінулага года", - адзначылі ў МУС.

У Дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі МУС нагадалі, што рэзідэнту ПВТ на працягу трох рабочых дзён з даты заключэння працоўнага дагавора або кантракта з замежным работнікам трэба пісьмова паведаміць аб гэтым раённаму падраздзяленню па грамадзянстве і міграцыі.

Дазвол на часовае пражыванне іншаземцу, які заключыў працоўны дагавор з рэзідэнтам ПВТ, выдаецца на тэрмін дзеяння кантракта.

Усяго ў 2018 годзе для работы ў Беларусь прыехалі амаль 16 тыс. іншаземцаў.

10 студзеня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/18-0/5/46529
Текущая дата: 27.12.2024