Белорусский портал в Казахстане

Беларусь займае лідзіруючыя пазіцыі ў развіцці інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій сярод постсавецкіх краін



Такое меркаванне выказала старшы віцэ-прэзідэнт Huawei Эмі Лін на палях інавацыйнага дня гэтай кампаніі ў Астане.

"Пазіцыі Беларусі ў ІКТ пастаянна становяцца яшчэ вышэй. Кампанія Huawei працуе ў Мінску больш за 15 гадоў і імкнецца цесна ўзаемадзейнічаць з беларускімі калегамі па ўкараненні новых тэхналогій, - сказала Эмі Лін. - На беларускі рынак мы імкнёмся прыўносіць набыты сусветны вопыт, разам з партнёрамі будуем шырокапалосную сетку, стымулюем развіццё найноўшых тэхналогій у краіне".

Кіраўнік падкрэсліла важнасць умацавання супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем. Прадстаўнік кітайскай кампаніі акцэнтавала ўвагу на тым, што асноўныя мэты кампаніі - падтрымка навуковых даследаванняў, узаемадзеянне з мясцовымі аператарамі ў павышэнні якасці сеткі перадачы даных, пашырэнне высакаскораснага доступу ў інтэрнэт. Размова ідзе таксама аб інвестыцыях у беларускую эканоміку.

"У прыватнасці, ТАА "Бел Хуавэй Тэхноладжыс" - у ліку першых зарэгістраваных рэзідэнтаў у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень" у пачатку 2014 года. Мы імкнёмся садзейнічаць развіццю малых і сярэдніх прадпрыемстваў у галіне інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій, - расказала Эмі Лін. - У Беларусі мы супрацоўнічаем з вядучымі аператарамі, дзяржорганамі, міністэрствамі і ведамствамі, буйнымі камерцыйнымі структурамі ў галіне тэлекамунікацыйных, інфраструктурных рашэнняў і інфармацыйных тэхналогій".

Першы інавацыйны дзень Huawei ў Астане прысвечаны тэме "Даследуючы дарогу да лічбавага Шаўковага шляху". У ім удзельнічаюць больш за 150 прадстаўнікоў прамысловага сектара, дзяржорганаў, НДІ, навукоўцаў і СМІ з краін Еўразіі для сумеснага абмеркавання перспектыў развіцця ІКТ, выклікаў і магчымасцей у працэсе лічбавай трансфармацыі. У ліку іншых сваё бачанне па далейшым пашырэнні лічбавых тэхналогій выказалі прадстаўнікі Фонду інфармацыйных тэхналогій і інавацый ЗША, Рэгіянальнай садружнасці ў галіне сувязі (РСС), кітайскія прадстаўнікі.

15 лістапада 2017, Астана
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/18-0/6/41119
Текущая дата: 27.12.2024