Новы навукова-тэхнічны парк Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — "Акадэмтэхнаград" — можа быць створаны на працягу 2018 года, паведаміў першы намеснік старшыні прэзідыума НАН Сяргей Чыжык.
"Вядома, да яго стварэння пакуль далёка, ён шмат у чым яшчэ прапрацоўваецца на ўзроўні ідэі, юрыдычных і эканамічных нюансаў. Аднак калі мы не будзем прэтэндаваць на асаблівыя [падатковыя] перавагі і статус [нацыянальнага тэхналагічнага парка], то на працягу гэтага года, я думаю, мы яго створым", — сказаў акадэмік.
Паводле яго слоў, дзякуючы такім тэхнапаркам, як створаны "БелБіяград" і намечаны на перспектыву "Акадэмтэхнаград", а таксама навукова-вытворчым прадпрыемствам, якія ўзнікаюць на іх аснове, фарміруецца "інавацыйны пояс Акадэміі навук". Падобнымі паясамі акружаюць сябе шматлікія буйныя ўніверсітэты і навуковыя арганізацыі ў Азіі і на Захадзе, дадаў Чыжык.
"Вядома, напрошваецца яшчэ тэхнапарк у аграрнай сферы, але гэтай сферай займаецца Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Акрамя таго, тыя ж аграрыі часткова ўвойдуць у "БелБіяград", часткова — у "Акадэмтэхнаград". Я думаю, што калі будуць паўнавартасна працаваць два гэтыя тэхнапаркі, гэта шмат у чым закрые інавацыйны пояс. У іншых сферах можна будзе працаваць праз міжгаліновыя лабараторыі — форму навуковага супрацоўніцтва, якая, дарэчы, узнікла ў Год навукі", — падкрэсліў вучоны.
Упершыню пра "Акадэмтэхнаград" як пра новы навукова-тэхнічны парк, які будзе аб`ядноўваць усе напрамкі даследаванняў, распрацовак і вытворчасці ў галіне тэхнікі і інжынерыі, заявіў на прэс-канферэнцыі 23 студзеня ў Мінску старшыня прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 28 студзеня 2018
Мінск, 28 студзеня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/18-0/6/42314
Текущая дата: 27.12.2024