Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і Кітай будуць прыцягваць у індустрыяльны парк "якарныя" брэндавыя кампаніі



Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве эканомікі па выніках візіту беларускай дэлегацыі ў Кітай.

Міністр эканомікі Дзмітрый Крутой у Пекіне прыняў удзел у трэцім пасяджэнні беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве, а таксама правёў 11-е пасяджэнне рабочай групы па пытаннях Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка.

Бакі падвялі вынікі рэалізацыі дамоўленацей за мінулы перыяд і вызначылі задачы на бліжэйшую перспектыву. У прыватнасці, дамовіліся аб пашырэнні ўзаемнага гандлю, рэалізацыі плана на спалучэнні эканомік Беларусі і Кітая, нарошчванні ўзаемных інвестыцый і ўмацаванні міжрэгіянальных сувязей.

"Акрамя таго, бакі распрацуюць план па доўгатэрміновым развіцці індустрыяльнага парка "Вялікі камень", таксама пастаўлена задача па прыцягненні ў парк "якарных" брэндавых кампаній", - дадалі ў Мінэканомікі.

На пасяджэнні рабочай групы па пытаннях Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка было прынята рашэнне правесці ў 2019 годзе ў "Вялікім камені" міжнародны форум.

Беларуская дэлегацыя ў час візіту ў Кітай прыняла ўдзел у Беларуска-кітайскім дзелавым форуме, асноўныя секцыі якога былі прысвечаны экспартнаму і інавацыйнаму патэнцыялу Беларусі, інвестыцыйнаму клімату краіны, а таксама прывабнасці турыстычных, адукацыйных і медыцынскіх паслуг Беларусі.

Намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Матусевіч прэзентаваў эканамічны і інвестыцыйны патэнцыял Беларусі. Кіраўніцтва Мінэканомікі таксама прыняло ўдзел у афіцыйнай цырымоніі адкрыцця Кітайскай міжнароднай выстаўкі імпарту ў Шанхаі, Міжнародным эканамічным форуме, адкрыцці Нацыянальнай экспазіцыі Беларусі, Форуме стратэгічнага дыялогу паміж карпарацыяй "Чайна Мерчантс Груп" і АТ "Дуйсбургер Хафэн", а таксама ў сустрэчах з кіраўніцтвам асобных правінцый КНР.

12 лістапада 2018, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/18-402/3/45579
Текущая дата: 26.12.2024