Белорусский портал в Казахстане

Петрышэнка: Лічбавая эканоміка ў Беларусі стала часткай нацыянальнай стратэгіі дзяржавы



Намеснік прэм`ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка зрабіў рабочы візіт у Расійскую Федэрацыю, паведамляе прэс-служба ўрада.

У Маскве 15 сакавіка віцэ-прэм`ер прыняў удзел у міжнародным эканамічным форуме дзяржаў — удзельніц Садружнасці "СНД: лічбавая эканоміка — платформа інтэграцыі".

Лічбавая эканоміка ў Беларусі стала часткай нацыянальнай стратэгіі дзяржавы, заявіў Петрышэнка падчас выступлення на форуме. Ён падкрэсліў, што найважнейшым крокам у лічбавізацыі краіны стаў дэкрэт прэзідэнта "Аб развіцці лічбавай эканомікі", падпісаны ў снежні 2017 года. З яго прыняццем былі створаны ўмовы для дынамічнага развіцця IT-сферы, набыты ўнікальныя канкурэнтныя перавагі для прыцягнення тэхналогій, інвестыцый, а таксама вядучых спецыялістаў і кампаній з усяго свету, рэзідэнты якіх могуць у льготным падатковым і прававым рэжыме адкрываць свае прадстаўніцтвы і працаваць у найбуйнейшым IT-кластары Усходняй Еўропы — беларускім Парку высокіх тэхналогій.

Віцэ-прэм`ер канстатаваў, што працэсы лічбавізацыі пастаўленыя ў якасці прыярытэту для развіцця кожнай галіны эканомікі. У Беларусі праводзіцца сістэмная праца па развіцці электроннага ўрада, развіваецца сістэма прадастаўлення дзяржаўных электронных паслуг грамадзянам і бізнесу, ствараецца Беларуская інтэграваная сэрвісна-разліковая сістэма.

Ён таксама нагадаў, што ў 2018 годзе Беларусь паднялася на 38-е месца ў рэйтынгу ААН па ўзроўні развіцця электроннага ўрада (United Nations E-Government Survey 2018), перамясціўшыся на 11 радкоў уверх у параўнанні з вынікамі 2016 года.

Акрамя таго, беларуская дэлегацыя на чале з Ігарам Петрышэнкам прыняла ўдзел у пасяджэнні Эканамічнага савета СНД. На пасяджэнні быў ухвалены распрацаваны пры ўдзеле Беларусі праект стратэгіі забеспячэння інфармацыйнай бяспекі дзяржаў — удзельніц СНД.

Асаблівая месца ў парадку дня Эканамічнага савета занялі пытанні забеспячэння правоў спажыўцоў у сферы электроннага гандлю. Таксама было разгледжана ўзаемадзеянне мытных органаў дзяржаў СНД у сферы абароны правоў на аб`екты інтэлектуальнай уласнасці, змены ў пагадненне аб парадку мытнага афармлення і мытнага кантролю тавараў, што перамяшчаюцца паміж удзельнікамі зоны свабоднага гандлю ў СНД, і ў пагадненне аб парадку транзіту праз тэрыторыі дзяржаў — удзельніц СНД.

Адбыўся абмен думкамі наконт падрыхтоўкі праекта міждзяржаўнай праграмы інавацыйнага супрацоўніцтва на перыяд да 2030 года. Акрамя таго, членам Эканамічнага савета быў прадстаўлены даклад аб ролі нацыянальных перастраховачных кампаній у развіцці нацыянальных рынкаў перастрахавання ў дзяржавах — удзельніцах СНД на аснове досведу Беларусі і Расіі.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 15 сакавіка 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/18-402/3/47289
Текущая дата: 26.12.2024