Белорусский портал в Казахстане

Каля 500 чалавек з 30 краін возьмуць ўдзел у Беларускім інвестыцыйным форуме ў Мінску



Пра гэта паведамілі ў Нацыянальным агенцтве інвестыцый і прыватызацыі (НАІП).

Каля 500 чалавек больш чым з 30 краін, у тым ліку СНД, Еўрасаюза, Азіі, а таксама з ЗША, возьмуць удзел у Беларускім інвестыцыйным форуме, які пройдзе ў сталічным "Прэзідэнт-гатэлі" 28—29 верасня.

На форум прыедуць прадстаўнікі найбуйнейшых міжнародных і замежных фінансавых інстытутаў, прыватныя замежныя інвестары, прадстаўнікі органаў дзяржкіравання, нацыянальнага бізнесу і экспертная супольнасць з мэтай абмеркавання ў межах адкрытага дыялогу магчымасцяў вядзення бізнесу ў краіне, а таксама шляхоў прасоўвання Беларусі як перспектыўнай інвестыцыйнай пляцоўкі.

Удзельнікамі форуму стануць найбуйнейшыя міжнародныя кампаніі — Facebook, Microsoft Corporation, Citibank, Bank of New York Mellon, Culligan Italiana SpA і іншыя. У мерапрыемстве таксама паўдзельнічаюць міжнародныя інвестыцыйныя і фінансавыя арганізацыі і фонды, сярод якіх Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР), Міжнародная фінансавая карпарацыя (МФК), Еўрапейскі інвестыцыйны банк, Нідэрландскі банк развіцця і інш.

На форуме эксперты абмяркуюць стратэгію прыцягнення замежных інвестыцый у Беларусь, інвестыцыйны, тэхналагічны і кадравы патэнцыял краіны, урадавыя меры падтрымання дзелавой і інвестыцыйнай актыўнасці.

28 верасня пройдзе пленарнае пасяджэнне, а таксама панэльныя дыскусіі, прысвечаныя IT, фінансаваму і рэальнаму сектарам эканомікі Беларусі, інвестыцыям у інфраструктуру, перавагам працы ў індустрыяльным парку "Вялікі камень", а таксама праблемам і магчымасцям для бізнесу ў сферы зялёнай эканомікі і энергетыкі.

Падчас другога дня форуму, 29 верасня, замежныя ўдзельнікі змогуць наведаць пляцоўкі Парку высокіх тэхналогій, індустрыяльнага парку "Вялікі камень", свабоднай эканамічнай зоны "Мінск".

Арганізатар Беларускага інвестыцыйнага форуму - Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі пры падтрымцы Міністэрства эканомікі.

Па выніках леташняга Беларускага інвестыцыйнага форуму, НАІП перадало ва ўрад у сакавіку бягучага года дарожную карту па паляпшэнні інвестыцыйнага клімату ў Беларусі.

Форум "Пашыраючы гарызонты: інвестыцыі, фінансы, развіццё" прайшоў у канцы верасня 2016 года. Яго наведалі больш за 650 удзельнікаў з 39 краін.

У дарожнай карце, у прыватнасці, улічаныя прапановы прыватнага бізнесу, замежных інвестараў і прадстаўнікоў навуковых колаў па стварэнні спрыяльных умоў для прыцягнення і асваення інвестыцый, а таксама па пераадоленні існуючых бар`ераў у інвестыцыйнай сферы.

Падчас леташняга форуму эксперты казалі пра неабходнасць гарантаваць правы інвестара пры неспрыяльнай для яго змене заканадаўства, разгледзець магчымасць вяртання ў законы "стабілізацыйнай агаворкі"  — прынцыпу, які абараняе замежнага інвестара ад ўзмацнення строгасці нацыянальнага заканадаўства.

Эксперты таксама прапаноўвалі стварыць асацыяцыю беларускага бізнесу ў Еўропе, дзейнасць якой была б накіраваная на адстойванне і абарону інтарэсаў вытворцаў беларускіх тавараў пры выхадзе і экспарце на рынак ЕС і на пошук еўрапейскіх партнёраў для стварэння сумесных з Беларуссю вытворчасцяў.

Акрамя таго, на форуме гаварылася пра неабходнасць забараніць адвольную канфіскацыю і праводзіць рэвізію вынікаў прыватызацыі. Усяго дарожная карта ўключае дзевяць раздзелаў.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 20 верасня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1/40809
Текущая дата: 19.04.2024