Белорусский портал в Казахстане

Асноўнай пляцоўкай Дня беларускага пісьменства стане гарадскі парк Іванава



Аб гэтым паведаміў намеснік старшыні райвыканкама Віталь Клышко.

Асноўнай пляцоўкай святкавання XXV Дня беларускага пісьменства стане гарадскі парк Іванава.

"Плануецца, што галоўная пляцоўка размесціцца ў парку. Там створана пэўная інфраструктура, ёсць амфітэатр. Недалёка ад яго будзе ўстаноўлена сцэна, створым умовы для размяшчэння большай колькасці людзей", - расказаў Віталь Клышко.

Напярэдадні рэспубліканскага свята парк Іванава значна абновіцца. У прыватнасці, на яго тэрыторыі ўстановяць дзве дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі. Спецыялісты абсталююць першую ў горадзе веласіпедную дарожку працягласцю больш за 2,5 км. Тут жа з`явіцца зона для заняткаў спортам, якая ўключае варкаўт-пляцоўку, міні-футбольнае поле, валейбольную і баскетбольную пляцоўкі.

Дадатковым упрыгажэннем парку стане арыгінальная падсветка і малыя архітэктурныя формы. Змяненні закранулі таксама цэнтр Іванава - частка вуліцы 17 верасня стане пешаходнай. Пачаліся ўжо работы па яе рэканструкцыі. У бліжэйшы час будзе ўкладзена новае пакрыццё, заменены камунікацыі, устаноўлены дэкаратыўныя клумбы, імянныя лаўкі прадпрыемстваў і арганізацый раёна. На гэтай вуліцы плануецца таксама ўстанавіць памятны знак у гонар Дня беларускага пісьменства.

"Наша галоўная мэта - разгрузіць цэнтр горада ад транспарту. У перспектыве хочам, каб увесь цэнтр Іванава быў пешаходным", - адзначыў намеснік старшыні райвыканкама. Ён дадаў, што акрамя гэтага вядуцца работы па рэканструкцыі вуліц Савецкай і Леніна, капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі вуліцы Кірава.

XХV Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Іванаве 2 верасня і будзе прысвечаны тэме "Мая малая радзіма".

Святочныя мерапрыемствы будуць фінансавацца за кошт прадугледжаных на гэтыя мэты сродкаў мясцовых бюджэтаў, а таксама рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і іншых крыніц.

7 чэрвеня 2018, Брэст
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1/43738
Текущая дата: 29.03.2024