Белорусский портал в Казахстане

Мінкультуры нагадала Беларускай праваслаўнай царкве пра забарону на неабгрунтаваную змену аблічча культавых збудаванняў



У дакуменце падкрэсліваецца, што мясцовыя ўлады і міністэрства робяць усё неабходнае, каб вінаватых у парушэннях прыцягвалі да адказнасці, а помнікам архітэктуры вярталі іх гістарычнае аблічча.

Міністэрства культуры накіравала на адрас Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы ліст з заклікам не дапускаць навукова не абгрунтаваныя змены помнікаў культавай архітэктуры і страты імі адметных асаблівасцяў.

Пра гэта гаворыцца ў адказе за подпісам намесніка міністра культуры Аляксандра Яцко, які 14 чэрвеня атрымалі аўтары петыцыі супраць масавай змены аблічча культавых аб`ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, у прыватнасці супраць замены характэрных для беларускай архітэктурнай традыцыі купалаў на праваслаўных цэрквах пазалочанымі купаламі-цыбулінамі.

Тэкст петыцыі, а таксама адказу з Мінкультуры апублікаваныя на сайце petitions.by.

Як адзначаецца ў дакуменце, міністэрства прымае меры "па захаванні культавых збудаванняў, якія маюць значнасць з пункта гледжання гісторыі, архітэктуры, горадабудаўніцтва, мастацтва і зрабілі значны ўплыў на развіццё краіны ці асобнага рэгіёна".

"Міністэрствам культуры накіраваны ліст у адрас Беларускай праваслаўнай царквы аб неабходнасці выканання рэлігійнымі абшчынамі абавязкаў, вызначаных ахоўнымі абавязацельствамі, недапушчэння страты адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей і навукова не абгрунтаваных змяненняў помнікаў культавай архітэктуры", — гаворыцца ў адказе з міністэрства.

Міністэрства культуры рэгулярна праводзіць выбарачны маніторынг выканання патрабаванняў заканадаўства аб ахове гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Падчас такіх праверак, адзначаецца ў дакуменце, "выяўляюцца факты парушэння патрабаванняў заканадаўства <...> на гісторыка-культурных каштоўнасцях, уласнікамі якіх з`яўляюцца рэлігійныя абшчыны".

Так, пасля ўмяшання Мінкультуры ў 2015 годзе Успенскай царкве ў вёсцы Новы Свержань (Стаўбцоўскі раён Мінская вобласць) вярнулі аўтэнтычны купал.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 19 чэрвеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1/43874
Текущая дата: 03.05.2024