Белорусский портал в Казахстане

У адрас прэзідэнта і народа Беларусі паступаюць шматлікія афіцыйныя віншаванні ад замежных лідараў



Прэс-служба прэзідэнта Беларусі паведамляе пра шматлікія віншаванні, якія паступілі ў адрас Аляксандра Лукашэнкі і беларускага народа з нагоды Дня Незалежнасці.

"Віншавальныя пасланні атрыманы ад кіраўнікоў краін СНД, Еўрапейскага саюза і іншых дзяржаў у розных рэгіёнах свету, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы. — У ліку тых, хто накіраваў віншаванні, Папа Рымскі Францыск, Каралева Аб`яднанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі Лізавета II, Кароль Швецыі Карл XVI Густаў, Кароль Іарданіі Абдала II, Імператар Японіі Акіхіта".

Кіраўніка дзяржавы і народ Беларусі таксама павіншавалі прэзідэнты Расіі, Казахстана, Азербайджана, Украіны, Туркменістана, Малдовы, Таджыкістана, Балгарыі, Францыі, Італіі, Турцыі, ААЭ, Алжыра, Сірыі, Палесціны, старшыня КНР, кіраўніцтва Кубы, Аўстралійскага саюза, Дубая.

Прэс-служба прыводзіць цытаты з некаторых віншаванняў. Так, напрыклад, старшыня КНР Сі Цзіньпін ў віншаванні адзначыў "ўсё большае міжнароднае становішча і ўплыў Беларусі, эканамічнае развіццё краіны".

У віншаванні прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі гаворыцца, што "за мінулыя гады Беларусь заняла годнае месца сярод краін рэгіёну і дэманструе адданасць міру і рэгіянальнай стабільнасці, упэўненае ўмацаванне нацыянальнай эканомікі", а таксама што "развіццё добрасуседскіх адносін з Рэспублікай Беларусь заўсёды было сярод знешніх прыярытэтаў Украіны".

Прэзідэнт Італіі Серджыо Матарэла звярнуў увагу "на значны прагрэс у дыялогу паміж Мінскам і Еўрапейскім саюзам, які будзе і далей стымуляваць узбагачэнне двухбаковага партнёрства".

"Умацаванне адносін Беларусі з Еўрасаюзам" адзначыў таксама прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон. "Я жадаю, каб мы змаглі разам працягваць і ўзмацняць гэтую пазітыўную дынаміку, якая дазволіць Беларусі ўмацаваць яе эканоміку, разнастаіць гандлёвыя сувязі і ў выніку гарантаваць яе незалежнасць", — гаворыцца ў віншаванні Макрона.

Папа Рымскі Францыск пажадаў кіраўніцтву і ўсяму народу Беларусі "боскіх дабраславенняў".

Віншаванні працягваюць паступаць, адзначае прэс-служба.

БелаПАН
Мінск, 3 ліпеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1/44049
Текущая дата: 27.04.2024