Белорусский портал в Казахстане

Па факце прапажы ў Камянецкім раёне двухгадовага хлопчыка распачатая крымінальная справа



Пра гэта паведамляе Следчы камітэт.

Вечарам 10 красавіка ў Камянецкі РАУС з заявай аб невядомым знікненні малалетняга сына звярнулася 18-гадовая жыхарка вёскі Любашкі Камянецкага раёна. Пры гэтым дзяўчына паведаміла, што апошні раз бачыла дзіця каля свайго дома прыкладна ў 16.00 названага дня. Прынятыя меры па аператыўным пошуку дзіцяці выніку не далі.

Следчым упраўленнем УСК па Брэсцкай вобласці па факце знікнення без вестак дзіцяці распачатая крымінальная справа.

Цяпер працягваюцца пошукавыя мерапрыемствы, у якіх удзельнічаюць следчыя, а таксама супрацоўнікі Камянецкага РАУС, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, дэпартамента аховы, добраахвотнікі.

Выкарыстоўваюцца магчымасці крыміналістычнай тэхнікі: квадракоптар, цеплавізары і іншае абсталяванне. Працу на месцы здарэння каардынуе кіраўніцтва УСК па Брэсцкай вобласці.

Знікламу Івану Валошыну ў маі споўніцца два гады. Ён са шматдзетнай сям`і, у якой чацвёра дзяцей.

Любашкі — вёска ў Брэсцкай вобласці за 20 кіламетраў ад Камянца, за 35 кіламетраў ад мяжы з Польшчай і ў лічаных кіламетрах ад Белавежскай пушчы.

Нагадаем, 16 верасня 2017 года пайшоў з дома і знік 10-гадовы жыхар вёскі Новы Двор Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці Максім Мархалюк. Вёска таксама знаходзіцца каля Белавежскай пушчы. Знайсці хлопчыка дагэтуль не ўдалося.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 12 красавіка 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1/47547
Текущая дата: 29.03.2024