Белорусский портал в Казахстане

Студэнты-археолагі знайшлі на Віцебшчыне каля 5 тысяч артэфактаў



Упершыню гарадзішча ў вёсцы Цясты даследавалася ў пачатку 1980-х гадоў, і з таго часу археалагічныя раскопкі тут не рабіліся.

Студэнты-гісторыкі БДУ знайшлі на раскопках у вёсцы Цясты на Віцебшчыне каля пяці тысяч артэфактаў І тысячагоддзя нашай эры, распавялі ў прэс-службе ўніверсітэта.

Сярод знаходак - рыбалоўныя гаплікі, нажы, шылы, сякеры, прасніца, прадметы ўзбраення і іншыя. Знойдзены таксама бронзавыя і жалезныя ўпрыгожванні: бранзалеты, шпількі, бляшкі, пранізкі.

"Закладзены раскоп на плошчы 80 квадратных метраў дазволіў археолагам знайсці прадметы, якія адлюстроўваюць бытавую культуру плямёнаў балтаў", - распавялі ва ўніверсітэце.

Сярод знаходак таксама шмат керамікі. Частка посуду адносіцца да днепра-дзвінскай археалагічнай культуры і датуецца I-IV стагоддзямі нашай эры. Ёсць у знойдзенай калекцыі фрагменты позняй керамікі. Каму канкрэтна яна належала, устанавіць не ўдалося.

Раскопкі працягваюцца, археолагі спадзяюцца знайсці таксама печ-домніцу, а яшчэ жыллё і гаспадарчыя аб`екты. Канкрэтную перыядызацыю знойдзеных артэфактаў дапамогуць устанавіць далейшыя навуковыя даследаванні.

Кіруюць раскопкамі старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, дацэнт кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін БДУ Паліна Курловіч, выкладчык кафедры Уладзімір Плавінскі і дацэнт Вольга Ліпніцкая.

Sputnik
Мінск, 16 ліпеня 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1/48696
Текущая дата: 22.10.2019