Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі нагадаў аб даручэннях па змяншэнні выкарыстання ў краіне пластыку



Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў 21 жніўня пад час рабочай паездкі ў Іўеўскі раён Гродзенскай вобласці.

"Трэба спыніць усялякія аднаразовыя поліэтыленавыя пакеты. Пачынаць з малога. Трэба ўсё гэта прыбіраць. Засмечваем глебу і тэрыторыю так, што хутка квітнеючая, зялёная і сінявокая Беларусь ператворыцца ў звалку", - падкрэсліў беларускі лідар.

Размова на гэту тэму зайшла ў час наведвання ў Іўеўскім раёне прыватнага прадпрыемства па вытворчасці сельгастэхнікі. Аднак у структуры бізнесу ёсць яшчэ і фірма па вытворчасці вокнаў і дзвярэй.

У прыватнасці, Прэзідэнту прадэманстравалі шклопакеты з драўлянымі рамамі, была адзначана экалагічнасць такога рашэння. Прадукцыя крыху даражэйшая ў параўнанні з аналагічнымі пластыкавымі вокнамі, аднак у шэрагу еўрапейскіх краін ужо ёсць добрыя прыклады падтрымкі гэтага напрамку на дзяржаўным узроўні.

Была агучана просьба і ў Беларусі стварыць умовы для больш актыўнага развіцця вытворчасці вокнаў з драўлянымі рамамі. "Гэта праблема мне знаёма. Першае - трэба палічыць. Ён (кіраўнік кампаніі.) гаворыць, што яму на 30 працэнтаў даражэй. Але гэта ён сказаў. Мы яго таксама павінны падціснуць. Так, каб і ён крыху адчуваў канкурэнцыю, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Да 1 студзеня на гэта пытанне трэба даць адказ. Пажадана, каб ён быў станоўчы".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на той факт, што такая вытворчасць вокнаў магчыма выключна на мясцовай сыравіне, а пытанне развіцця дрэваапрацоўкі якраз знаходзіцца ў цэнтры ўвагі.

У гэтым плане, акрамя асноўнай вытворчасці, Прэзідэнт паабяцаў падтрымку кіраўніку кампаніі - гендырэктару ВТАА "Тэхмаш" у развіцці вытворчасці паліўных пелет.

"Мы дамовіліся. Падбіраеш завод, дзе зручная лагістыка і лес ёсць. І рынак будзе. Я хачу паглядзець, як прыватнік з пачатку да канца гэта зробіць. І я табе забяспечу падтрымку", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

21 жніўня 2019, Іўеўскі раён
Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1/49337
Текущая дата: 07.05.2024