Белорусский портал в Казахстане

Летась у Беларусі было рэалізавана 20 сумесных праектаў у рамках праграмы «Польская дапамога» на суму больш за два мільёны еўра



Асаблівае месца займалі праекты, накіраваныя на падтрымку дзяцей.

З 2019 года пасольства Польшчы пачало супрацоўніцтва з беларускімі прадстаўніцтвамі ААН і ЮНІСЕФ. Рашэд Мустафа САРВАР — прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі — расказаў аб сумесным праекце «Бяспечнае і спрыяльнае асяроддзе для дзяцей і моладзі». Адзін з кірункаў праекта — актывізацыя ўдзелу дзяцей у прыняцці рашэнняў, якія закранаюць іх інтарэсы. Падлеткаў вучаць выяўляць праблемы на рэгіянальным узроўні і прапаноўваць спосабы іх вырашэння. Важна, што гэта не гульня, а рэальная справа, бо вылучаецца фінансавая падтрымка для рэалізацыі цікавых ідэй.

Другі важны кірунак — кібербяспека. У сучасных дзяцей нельга адабраць інтэрнэт, але трэба выбудаваць такую сістэму, каб яны былі абаронены ад усіх формаў гвалту ў сусветнай павуціне. Пры падтрымцы МУС Беларусі створаны сайт kіds.роmоgut.bу, на якім у даступнай форме расказваецца аб бяспечных паводзінах у сеціве, а таксама аб праблеме наркаманіі. З інфармацыяй, размешчанай на гэтым сайце, карысна азнаёміцца і бацькам.

Дзякуючы сумеснай рабоце «Польскай дапамогі» і дабрачыннай арганізацыі «Карытас» створаны 21 інтэграцыйны дзіцячы пакой, якія называюць «святліцамі». Гэта — перанос польскага досведу, бо ў суседзяў яны паспяхова дзейнічаюць з 1990-х гадоў. За тры апошнія гады «святліцы» адкрыліся ў вялікіх і малых гарадах Гродзенскай, Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей. Сродкі «Польскай дапамогі» выдаткаваныя на рамонт пакояў і закупку абсталявання, навучанне персаналу. Перш за ўсё людзі, якія працуюць у «святліцах», дапамагаюць дзецям-інвалідам, каб яны маглі інтэгравацца ў грамадства. Таксама ў іх поле зроку трапляюць дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, з няпоўных і іншых праблемных сем`яў.

Як адзначаюць прадстаўнікі каталіцкага духавенства, дзверы «святліц» адкрыты для дзяцей любога веравызнання. Дзеці і дарослыя з сацыяльна неабароненых сем`яў могуць атрымліваць тут самую розную дапамогу: ад псіхалагічнай да навучання простым бытавым справам, таму пакоі карыстаюцца велізарнай папулярнасцю ў мясцовых жыхароў. Практычна ўсюды колькасць наведвальнікаў прыкметна большая, чым першапачаткова планавалася.

Гаворачы аб праграме «Польская дапамога», перш за ўсё варта адзначыць яе доўгатэрміновую накіраванасць і арыентаванасць на канкрэтных людзей. Супрацоўніцтва працягнецца і сёлета — адпаведнае пагадненне падпісана паміж Дэпартаментам па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Беларусі і пасольствам Польшчы ў нашай краіне.

Аўтар: Аксана Яноўская
Звязда, 9 студзеня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1/51241
Текущая дата: 27.09.2020