Белорусский портал в Казахстане

«Разумныя» газавыя лічыльнікі паспяхова пратэставалі ў Магілёўскай вобласці



Пілотны праект па дыстанцыйным зборы паказанняў з лічыльнікаў уліку газу рэалізавалі ў Магілёўскай вобласці. Кампанія МТС выступіла яго партнёрам.

Лічыльнікі беларускай вытворчасці з адмысловымі модулямі былі ўсталяваныя ў дамах прыватнага сектара ў адным з рэгіёнаў вобласці. Паказанні ў рэжыме анлайн перадаваліся з дапамогай сеткі NB-IoTМТС ў «Магілёўаблгаз».

Сістэма дыстанцыйнага збору і перадачы дадзеных скарачае выдаткі на абслугоўванне прыбораў уліку, замяніўшы штогадовыя візіты персаналу на аўтаматычны збор. Акрамя таго, «разумныя» газавыя лічыльнікі дазваляюць скараціць страты энергарэсурсаў і кантраляваць працу лічыльнікаў.

Важным аспектам застаецца павышэнне бяспекі газазабеспячэння. Менавіта для гэтага ў «разумных» лічыльніках прадугледжана опцыя перадачы аварыйных паведамленняў. Звесткі аб спажыванні адпраўляюцца ў запраграмаваныя  інтэрвалы часу, а аварыйныя паведамленні ініцыююць пазачарговы сеанс сувязі. Гэта дазваляе аператыўна паведамляць аб праблеме ў адпаведныя арганізацыі.

«Спажыванне газу ў прыватных дамах з газавым ацяпленнем значна вышэйшае, чым, скажам, у шматкватэрных жылых дамах. Колькасць лічыльнікаў на аднаго спецыяліста, які робіць штогадовы абыход, можа складаць больш за тысячу прылад. Гэта вельмі высокая нагрузка на супрацоўніка, а сабекошт такіх візітаў у разы перавышае выкарыстанне паслугі перадачы дадзеных праз сетку NB-IoT», — падкрэслівае начальнік службы ўліку расходу газу і рэжыма газазабеспячэння РУП «Магілёўаблгаз» Іван Кавалёў.

Тэхналогія NB-IoT аб’ядноўвае «разумныя» прылады ў адну сістэму і дапамагае збіраць, апрацоўваць, абменьвацца і дыстанцыйна перадаваць паказанні. Стандарт NB-IoT падыходзіць буйным і дробным арганізацыям, аўтаматызуе бізнес-працэсы, зніжаючы выдаткі. Можа паспяхова выкарыстоўвацца ў прамысловасці, ЖКГ, інфраструктуры «разумнага» дома,  гандлі, транспарце, а таксама ў іншых галінах.

«Перавага тэхналогіі NB-IoT заключаецца ў магчымасці выключыць дадатковыя выдаткі на стварэнне і абслугоўванне інфраструктуры для перадачы дадзеных. А высокая пранікальная здольнасць сеткі дазваляе збіраць паказанні з прылад, размешчаных нават у цяжкадаступных месцах», — растлумачыў прадстаўнік кампаніі МТС.

Надзея Нікалаева
Звязда, 14 траўня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1/53482
Текущая дата: 25.04.2024