Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв`ю вядомаму ўкраінскаму журналісту Дзмітрыю Гардону



Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв’ю ўкраінскаму журналісту і заснавальніку грамадска-палітычнага інтэрнэт-выдання «ГОРДОН» Дзмітрыю Гардону.

У інтэрв’ю Прэзідэнт распавёў пра сутнасць сваёй палітыкі — як унутранай, так і знешняй. «Калі гэта тычыцца краіны, калі я бачу, што гэта несправядліва, для мяне гэта непрымальна. Справядлівасць — гэта аснова таго, што я спрабую рабіць, або правядзення любой палітыкі. У аснове — справядлівасць», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу, што законы — гэта добра, але ў іх часам усё не прапішаш. «Справядлівасць — гэта галоўнае. Калі я бачу, што спрабуюць нахіліць маіх людзей, мой народ, Беларусь — гэта ўсё», — падкрэсліў беларускі лідар.

Па дадзеных Украінскай інтэрнэт-асацыяцыі праект «ГОРДОН» уваходзіць у топ-15 навінных СМІ Украіны. Акрамя таго, агульная колькасць падпісчыкаў YouTube-каналаў яго заснавальніка («Дмитрий Гордон», «В гостях у Дмитрия Гордона») перавышае 2,2 мільёна.

Па некаторых ацэнках Дзмітрый Гардон запісаў каля тысячы інтэрв’ю з вядомымі палітыкамі, артыстамі, паэтамі, пісьменнікамі, мастакамі, рэжысёрамі, грамадскімі дзеячамі, спартсменамі. У ліку апошніх — інтэрв’ю з расійскім дэпутатам Наталляй Паклонскай і ўдзельнікам баявых дзеянняў на ўсходзе Украіны Ігарам Гіркіным, якія выклікалі шырокі рэзананс.

Тэмы інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі ахапілі ранні перыяд яго жыцця, узаемаадносіны з былымі і дзеючымі кіраўнікамі дзяржаў, знешнюю палітыку, досвед Беларусі ў барацьбе з COVID-19, выбары і асабістае жыццё.

Тэлеверсію інтэрв’ю можна будзе ўбачыць заўтра на беларускім тэлебачанні.

У размове з беларускімі калегамі Дзмітрый Гардон заўважыў, што з Прэзідэнтам Беларусі атрымалася «чалавечае» інтэрв’ю — абсалютна нефармальная, шчырая гутарка аб лёсах Беларусі, Украіны і ўвогуле чалавецтва.

«І мне здалося, што размова незвычайна цікавая, прыцягальная. Я ўбачыў „жывога“ чалавека перад сабой, з якім вельмі цікава размаўляць. Чалавека, які застаў многіх выбітных сусветных лідараў, вёў з імі перамовы, размаўляў з імі, быў сведкам шматлікіх геапалітычных падзей і які мае свой погляд на шэраг пытанняў сучаснасці», — сказаў журналіст.

Аўтарскі стыль Дзмітрыя Гардона — правакуючыя, вострыя пытанні. Сваю тактыку ён апрабаваў і на Аляксандру Лукашэнку. Журналісты пула пацікавіліся, наколькі гэта ўдалося.

«Лакіровачныя» размовы — гэта не мая гісторыя. Мне цікавая з чалавекам шчырая гутарка. Я зрабіў больш за тысячу відэаразмоў з людзьмі, якія сталі сімваламі часу і сімваламі эпохі — палітыкамі, артыстамі, касманаўтамі і гэтак далей. Мне была цікавая размова вочы ў вочы, і я вельмі рады, што так адбылося. Я задаволены вынікам«, — адзначыў Дзмітрый Гардон.

Ён лічыць, «тое, што адбываецца ў Беларусі, вельмі важна для Украіны». «Украіна знаходзіцца ў тым стане, калі ў нас няма дагэтуль тэрытарыяльнай цэласнасці, яна не адноўлена. У нас працягваецца вайна на Данбасе. У нас аднялі Крым, нашу тэрыторыю, і гэтыя пытанні мы таксама закраналі з Аляксандрам Рыгоравічам. І мне было цікава, што ён думае аб факце агрэсіі Расіі ў адносінах да Украіны. І ён вельмі шчыра, паслядоўна адказваў на гэтыя пытанні — я б сказаў, сенсацыйна адказваў, таму што такога ад яго я яшчэ не чуў», — запэўніў рэпарцёр.

«Гэта мастадонт, — сказаў пра суразмоўніка журналіст. — Гэта чалавек, які 26 гадоў кіруе дзяржавай у цэнтры Еўропы. Няма ніводнага чалавека сёння ў Еўропе, хто кіраваў бы дзяржавай больш за яго. Гэта ўжо красамоўна кажа пра тое, што гэта палітык сусветнага маштабу. Я меў зносіны са многімі прэзідэнтамі ад Гарбачова да Зяленскага, гэта абсалютна супастаўныя, маштабныя асобы, якім ёсць што сказаць, і якія вельмі шмат бачаць».

Ён дадаў, што ўпэўнены: тое, што адбылося ва Украіне, тэарэтычна можа адбыцца ў Беларусі.

«Тое, што тут нядаўна затрымалі прадстаўнікоў ПВК „Вагнер“, гаворыць лішні раз пра тое, што Расія спрабуе дэстабілізаваць сітуацыю падчас выбараў альбо адразу пасля іх, — лічыць ён. — Таму тут вельмі шмат залежыць ад лідара.... Аляксандр Лукашэнка сёння сказаў, што ён бы ваяваў, змагаўся да апошняга, але не аддаў бы ні пядзі беларускай зямлі».

Аўтар: Вольга Мядзведзева
Звязда, 5 жніўня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1/55111
Текущая дата: 30.04.2024