Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка пра Купалаўскі тэатр: ён не можа быць страчаны, гэта здабытак нашага народа



Прэзідэнт Беларусі падкрэслівае, што Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы з`яўляецца народным здабыткам, і яго работа абавязкова будзе адноўлена.

"Абавязкова адновім работу тэатра. Ён не можа быць страчаны. Гэта здабытак нашага народа", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка выказаўся аб фінансавым баку работы тэатра, адзначыўшы, што калектыў павінен сам удзельнічаць у размеркаванні сродкаў, якія атрымлівае. Зразумела, падставіць плячо і дзяржава, асабліва ў цяперашні перыяд, калі замест тых, хто пайшоў, у тэатральны калектыў улілося шмат маладых кадраў.

"Гэта трупа, якая сфармавана, гэты калектыў павінен быць. Ён не павінен быць велізарным. Ён павінен быць дастатковым. І якраз момант гэта зрабіць, - сказаў Прэзідэнт. - Усе сродкі, якія вы атрымаеце, - гэта будуць вашы сродкі, ваш прыбытак. Я вам скажу, як будзе не з гэтага года, а з 2022 года: што вы заробіце - пазабюджэт - столькі мы вам з бюджэту дадзім".

Паводле яго слоў, некалі ён увёў такую схему фінансавання клубаў і федэрацый у спорце: "Зарабілі $2 млн - $2 млн дабавілі бюджэтных. Пяць зарабілі - пяць дадзім".

Ён таксама прапанаваў стварыць у кожным тэатральным калектыве савет у складзе 3-5 чалавек, якія будуць мець права разам з дырэктарам вырашаць пытанні размеркавання грашовых сродкаў.

"Яны няхай выберуць гэты савет. І няхай яны самі дзеляць гэтыя грошы, якія мы ім аддадзім. Гэта павінна быць усюды, ва ўсіх 29 калектывах. Прадумайце гэту ідэю. Гэта не спантанна мною выказана. Упэўнены, што гэта дасць эфект і магчымасць зарабляць творчым работнікам. Крыху трэба вывесці вас на большую самастойнасць", - сказаў Прэзідэнт.

"Заробіце больш - гэта ваша. І я буду ганарыцца, што творчыя людзі ў нас атрымліваюць, зарабляюць. І будзем падтрымліваць такіх. І не таму, што вы "ябацькі". Таму што вы - законапаслухмяныя людзі. Калі патрэбна і дзе дарэчы (я разумею, што вы творчыя работнікі, да вас прыслухоўваюцца) - гаварыце, але дастойна. Я вам гарантыю даю, што літаральна праз пару гадоў вы будзеце шчаслівыя - моладзь, якая прыйшла ў гэты тэатр. А вы (артысты са старога складу трупы, якія засталіся служыць у Купалаўскім тэатры.) будзеце ганарыцца гэтым перыядам жыцця, што вы не пабеглі туды за імі", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што нацыяналізм - гэта не балбатня на мове, а імкненне зрабіць нешта, што застанецца ў народнай памяці. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння, сустракаючыся з артыстамі Купалаўскага тэатра.

"Я лічу, што нацыяналізм - гэта не балбатня на мове. А гэта рабіць тое, што застанецца ў памяці. Я заўсёды імкнуся да таго, каб у нас былі пэўныя традыцыі", - сказаў Прэзідэнт.

У якасці такіх традыцый Беларусі як суверэннай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка згадаў штогадовы зварот Прэзідэнта з Пасланнем да парламента і народа. Раз у пяць гадоў праводзіцца Усебеларускі сход.

"Вы таксама сталі добрай, нават не традыцыяй, вы - сімвал нашага народа. Таму заўсёды трэба ствараць тое, што цябе будзе адрозніваць ад іншых. І ў гэтым будзе добры нацыяналізм, за што мяне ў Расіі часам крытыкуюць і папракаюць. Але я гавару: я ж Прэзідэнт Беларусі. Пры ўсёй любові да расіян, я - Прэзідэнт Беларусі. Таму я буду рабіць усё, што патрэбна нашым беларусам, тое, што нас будзе адрозніваць. Ад рускіх таксама", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што багацце народа Беларусі ў тым ліку ў веданні дзвюх моў - рускай і беларускай. І ад гэтай спадчыны ні ў якім разе нельга адмаўляцца, упэўнены ён.

"Ніколі не спяшайцеся. Асабліва творчыя работнікі і палітыкі. Мы не маем права на гэту спешку, - параіў Аляксандр Лукашэнка. - Мы павінны акуратна весці палітыку на гэтым кавалачку зямлі. Гэта наша, мы больш не просім. Але мы міліметра нікому не аддадзім".

"Давайце будзем берагчы нашу краіну, а вы ў сваёй творчасці павінны гэта ўсё ажыццявіць. Абавязаны! Не мне. Вы свайму народу абавязаны. Няхай мінулы год будзе вялікім урокам для нас. Асабліва для нашых дзяцей. Мы можам іх проста страціць", - падкрэсліў беларускі лідар.

19 лютага 2021, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1/58387
Текущая дата: 11.04.2021