Белорусский портал в Казахстане

У дзень ПДВ у Віцебскім раёне адкрылася Вахта Памяці



Вёска Заронава ў Віцебскім раёне падчас Вялікай Айчыннай вайны стала месцам жорсткіх кровапралітных баёў. Тут знаходзіцца адзін з буйнейшых у раёне воінскіх мемарыялаў, дзе ўвекавечаны імёны больш 10,5 тысяч байцоў з усіх рэгіёнаў былога СССР.

Сведкай велізарных страт нашых войскаў з’яўляецца той факт, што пасля вайны на тэрыторыі Заронаўскага сельсавета налічвалася 467 брацкіх пахаванняў. Сем месяцаў тут на подступах да Віцебску стаяў фронт. Колькі яшчэ без вестак зніклых байцоў ляжаць у заронаўскай зямлі — невядома.

Штогод у жніўні тут праходзіць міжнародная Вахта Памяці. «Вайна не скончыцца, пакуль не будзе пахаваны апошні загінулы салдат» — праносячы праз гады гэта вечнае выказванне, вяртаюць з небыцця імёны байцоў пошукавікі з Беларусі і Расіі сумесна з 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам. Працуюць не толькі дарослыя людзі, у адзін рад з бывалымі мужчынамі ўстаюць дзяўчаты і нават унукі пошукавікоў. Кожны едзе на Вахту не дзеля ўзнагарод і грамадскага прызнання, а дзеля асабістай даніны памяці і павагі. Кагосьці прывяла да пошуку сямейная гісторыя, а хтосьці далучыўся сам па загадзе душы. Але для кожнага галоўнай мэтай раскопак з’яўляецца імкненне знайсці як мага больш байцоў, устанавіць іх імёны і захаваць у брацкай магіле з воінскімі ўшанаваннямі.

— Гэты год — Год гістарычны памяці — значны не толькі для Беларусі, але і для брацкай Расіі. Ваенна-гістарычны клуб «Пошук і прымірэнне» адзначае 15-годдзе сваёй дзейнасці. З гэтай нагоды ў Дзяржаўнай Думе Расійскай Федэрацыі была арганізавана фотавыстава, прысвечаная сумеснай пошукавай дзейнасці нашых народаў. Асаблівая ўвага сёння аддаецца кадэтам пад кіраўніцтвам Валерыя Загрэкава. Спадзяюся, што ўдзел моладзі ў Вахце Памяці стане добрым імпульсам на шляху да развіцця пошукавай дзейнасці і патрыятычнага выхавання ў кадэцкіх класах,- адзначыла намеснік старшыні Моладзевага парламента пры Дзяржаўнай Думе Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі Алена Еракіна.

Фотавыставу, якая адлюстроўвае яркія моманты экспедыцый, перапахаванняў і працоўных будняў на палях, пошукавікі прывезлі ў Віцебскі раён. Яна знаходзіцца ў музеі «Гісторыя Заронаўскага краю» і адкрыта для ўсіх жадаючых.

Да 11 жніўня члены Маскоўскай абласной грамадскай арганізацыі «Благачынны ваенна-гістарычны пошукавы клуб «Памяць і прымірэнне» пад кіраўніцтвам Валерыя Загрэкава, пошукавага атрада «Разведчыкі воінскай славы», які аб’ядноўвае энтузіястаў Віцебшчыны, кадэты будуць вясці пошукавыя работы на тэрыторыі Заронаўскага сельсавета. 

Аляксандра Гвоздева
Звязда, 2 жніўня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1/65982
Текущая дата: 20.04.2024