Белорусский портал в Казахстане

Хатынь вачыма дзяцей: абвешчаны патрыятычны конкурс малюнкаў



Напярэдадні 80-годдзя хатынскай трагедыі БРСМ запрасіў дзяцей і моладзь прыняць удзел у патрыятычным конкурсе малюнкаў «Хатынь вачыма дзяцей».

Рабятам прапануецца прадставіць у тэрытарыяльныя камітэты Саюза моладзі малюнкі на тэму трагедыі ў Хатыні памерам А3, выкананым у любой тэхніцы: графіка, гравюра, жывапіс, калаж, вітраж і інш.

Конкурсныя работы прымаюцца да 13 сакавіка ў раённых камітэтах БРСМ, да 14 сакавіка — у абласных (Мінскім гарадскім) і ацэньваюцца журы ў трох узроставых катэгорыях: 7 — 11 гадоў; 12 — 15 гадоў; 16 — 18 гадоў.

Да работы павінна быць прыкладзена анатацыя пра тое, што падштурхнула аўтара на стварэнне той ці іншай работы, а таксама стыкер з друкаваным шрыфтам на адваротным баку малюнка, дзе пазначаны: 

*прозвішча, імя, узрост, пол (калі ўдзельнік носіць замежнае імя);
школа ці іншая навучальная ўстанова, хатні адрас, кантактны тэлефон удзельніка;
*прозвішча, імя, імя па бацьку і кантактны тэлефон кіраўніка і рабочы e-mail установы адукацыі.

Лепшыя работы прымуць удзел у рэспубліканскай выставе ў Мінску.

Трагедыя Хатыні — не выпадковы эпізод вайны, а адзін з тысяч фактаў, якія сведчаць пра мэтанакіраваную палітыку генацыду гітлераўскай Германіі ў адносінах да мірнага насельніцтва Беларусі.

22 сакавіка 1943 года стаў апошнім для 149 хатынцаў, з іх 75 дзяцей да 16 гадоў. У полымі зніклі 26 дамоў. На месцы лясной вёскі засталося папялішча...

Створаны ў 1969 годзе на 54-м км магістралі Мінск — Віцебск на месцы спаленай вёскі мемарыяльны комплекс «Хатынь» уключаны ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

Cяргей Расолька
Звязда, 6 сакавіка 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1/68601
Текущая дата: 26.04.2024