Капітальны рамонт — адна з галоўных жыллёва-камунальных паслуг. Гэта цэлы комплекс мерапрыемстваў.
Як адзначыла намесніца начальніка ўпраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Надзея Сяўрук, апошнім часам штогод капітальным рамонтам абнаўляецца больш за 3 мільёны квадратных метраў агульнай плошчы шматкватэрных жылых дамоў. Менавіта гэта не дапускае інтэнсіўнага зносу, хоць значная доля жылфонду была пабудавана яшчэ ў савецкі перыяд.
У графікі ўключана 1250 дамоў
Летась уведзена ў эксплуатацыю пасля капітальнага рамонту 3,4 мільёна квадратных метраў жылля. Гэта 1 тысяча 91 дом, што складае 2,8 % ад жылога фонду. На капрамонт было накіравана 1 мільярд 162 мільёны рублёў. Гэтая сума складаецца з дзвюх крыніц: 37,5 % — сродкі ад насельніцтва і 62,5 % — з дзяржаўнага бюджэту.
«Сёлета неабходна забяспечыць увод жылля пасля капітальнага рамонту ў аб’ёме 3,7 мільёна квадратных метраў. У графікі ўключана 1250 жылых дамоў», — сказала Надзея Сяўрук. За студзень—сакавік было ўведзена ў эксплуатацыю пасля капрамонту 233,9 тысячы квадратных метраў агульнай плошчы жылля (каля 6,5 % ад гадавога задання).
У дадзены момант работы вядуцца на аб’ектах агульнай плошчай 2,5 мільёна квадратных метраў. Значная доля аб’ектаў капітальнага рамонту знаходзіцца ў сталіцы — больш за 1 мільён «квадратаў».
Даведацца, ці чакае ваш дом капрамонт сёлета, можна на сайтах раённых адміністрацый, выканкамаў і мясцовых ЖКГ. Заканадаўствам прадугледжана абарона правоў грамадзян пры аказанні паслугі з недахопамі.
«У выпадку няякаснага правядзення работ грамадзяне могуць звярнуцца да ўпаўнаважанай асобы па кіраванні агульнай маёмасцю (арганізацыя ЖКГ, таварыства ўласнікаў або выканкам). Упаўнаважаная асоба ажыццяўляе абарону правоў спажыўцоў, узаемадзейнічаючы з выканаўцам работ аж да абароны ў судзе», — адзначае спецыяліст.
Як паведаміла начальнік інспекцыі Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам па горадзе Мінску Ірына Калеснікава, добрая дынаміка назіраецца ў сталіцы. Напрыклад, у 2021 годзе ў Мінску было зарэгістравана 355 аб’ектаў на капрамонце, з якіх 274 — са звышнарматыўнымі тэрмінамі. Для параўнання: летась капітальны рамонт вёўся на 224 аб’ектах, пры гэтым звышнарматыўнымі былі толькі 10.
За апошнія некалькі гадоў прынцыпова змяніліся падыходы да выканання капрамонтаў, што дазволіла істотна скараціць тэрміны, лічыць Ірына Калеснікава.
Начальнік аддзела капітальнага рамонту ГА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» Кацярына Казак адзначыла, што ў сталіцы няма аб’ектаў, якія гадамі стаяць недаробленыя. «У нас ёсць толькі два аб’екты ў горадзе, якія перайшлі з мінулага года. Але яны з’яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі. Нарматыўны тэрмін быў каля паўгода, аднак у ходзе работ выявілася неабходнасць правядзення рэканструкцыі і рэстаўрацыі», — сказала яна.
Патрэбны сур’ёзны «апгрэйд»
Надзея Сяўрук лічыць, што многія жылыя дамы ўжо адслужылі свой тэрмін і маюць патрэбу не проста ў капрамонце, а ў больш сур’ёзным «апгрэйдзе».
Як вядома, у нашай краіне налета плануюць правесці рэнавацыю жыллёвага фонду. Закране яна абсалютна ўсе тэрыторыі. Рэнавацыя мае на ўвазе павелічэнне шчыльнасці з захаваннем камфортнасці. Каб павысіць эфектыўнасць выкарыстання дарог, каналізацыі, водаправодаў, электрасетак, трэба перагледзець падыходы да горадабудаўнічай палітыкі і забяспечыць эфектыўную забудову, адзначаюць эксперты.
Як паведаміла Надзея Сяўрук, у рамках рэнавацыі будуць выкарыстоўвацца крыху іншыя падыходы да мадэрнізацыі і рэканструкцыі жылых дамоў. Цяпер спецыялісты ЖКГ і будаўнічай галіны вядуць распрацоўку крытэрыяў, паводле якіх дамы будуць падлягаць рэнавацыі ці капітальнаму рамонту. 2026-га на працягу найбліжэйшых пяці гадоў пачнецца актыўнае ўкараненне новых метадаў.
У якасці прыкладу жылля, якое трапляе пад рэнавацыю, Надзея Сяўрук назвала двухпавярховыя дамы 1905 года пабудовы. Кошт капітальнага рамонту такога жылля ў шмат разоў перавышае нарматыўныя сумы. Яго рамантаваць немэтазгодна. Пабудаваць новае жыллё на гэтым месцы будзе значна выгадней. Падчас рэнавацыі прадугледжана выдзяленне іншага жылля.
Аўтар: Сяргей Куркач
Звязда, 15 траўня 2025
Звязда, 15 траўня 2025
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1/78031
Текущая дата: 22.05.2025