Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка станоўча ацаніў дзеянні штаба зоны тэрытарыяльнай абароны ў Мінску



Падчас камандна-штабных вучэнняў 3 лістапада з Узброенымі сіламі, іншымі войскамі і воінскімі фарміраваннямі Беларусі Аляксандр Лукашэнка станоўча ацаніў дзеянні штаба зоны тэрытарыяльнай абароны ў Мінску.

Вучэнні праводзяцца з 31 кастрычніка па 4 лістапада па даручэнні кіраўніка дзяржавы "з мэтай праверкі эфектыўнасці сістэмы тэрытарыяльнай абароны", паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Лукашэнка даў высокую ацэнку дзеянням штаба і асабіста старшыні Мінгарвыканкама Мікалая Ладуцькі, які з`яўляецца кіраўніком савета абароны сталіцы. "Я бачу, што вы валодаеце становішчам, ведаеце, што і як трэба абараняць, як трэба дзейнічаць", — звярнуўся ён да кіраўніка сталічнай адміністрацыі.

Абласныя саветы абароны ўзначальваюць старшыні адпаведных аблвыканкамаў. Лукашэнка прыняў рашэнне прысвоіць воінскія званні генерал-маёра кіраўнікам абласцей і кіраўніку Мінска, "каб падкрэсліць асаблівую важнасць і адказнасць такой пасады".

Кажучы пра ваенныя абавязкі Ладуцькі, беларускі афіцыйны лідар сказаў: "Ён з сённяшняга дня — генерал-маёр. Ён галавой адказвае за тэрытарыяльную абарону. І гэта яго права, праінфармаваўшы прэзідэнта, разгортваць усю тэрытарыяльную абарону. Калі прэзідэнт ухваліць, няхай разгортвае". Апрача таго, Лукашэнка палічыў неабходным штогод праводзіць у Мінску вучэнні па тэрытарыяльнай абароне на базе аднаго з раёнаў.

Ядром фарміраванняў тэрытарыяльнай абароны, на думку кіраўніка дзяржавы, павінны быць бізнесмены, людзі з дастаткам. "Бізнесмены павінны быць ядром такіх фарміраванняў. Ім ёсць што губляць", — зазначыў ён, дадаўшы, што ўвагу неабходна надаць якасці адбору і падрыхтоўкі кадраў для тэрытарыяльных войскаў. Тэрытарыяльная абарона "павінна быць усенароднай і старанна прапрацаванай".

Лукашэнка таксама наведаў КУП "Спецпрадпрыемства Мінгарвыканкама", дзе размяшчаюцца склады запасаў матэрыяльных сродкаў, неабходных для тэрытарыяльных войскаў. "Калі ўсё ў краіне так будзе захоўвацца, то тады пытанняў няма. Вельмі дастойна", — ацаніў стан матэрыяльнай базы кіраўнік дзяржавы.

4 лістапада Лукашэнка працягне ўдзел у вучэннях на палігоне каля Гродна.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 3 лістапада 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1001/10342
Текущая дата: 26.12.2024