Белорусский портал в Казахстане

V Міжнародны тэатральны фестываль "Панарама" збярэ калектывы з шасці еўрапейскіх краін



V Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва "Панарама", які пройдзе 20—27 лістапада ў Мінску, збярэ калектывы з Беларусі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Расіі і Венгрыі. Арганізатарамі творчага форуму выступаюць Міністэрства культуры, Мінгарвыканкам і Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.

Як паведамілі ў аддзеле знешніх сувязей Купалаўскага тэатра, у тыднёвай праграме "Панарамы" будуць прадстаўлены дзевяць спектакляў драматычных, танцавальных і лялечных тэатраў. Адметнай рысай цяперашняга фестывалю стане "цеснае шматнацыянальнае супрацоўніцтва".

Так, тэатр-фестываль "Балтыйскі дом" (Санкт-Пецярбург) пакажа сумесны літоўска-расійскі праект "Чайка" пад рэжысурай Ёнаса Вайткуса з удзелам такіх майстроў сцэны, як Юозас Будрайціс, Владас Багдонас і Регімантас Адамайціс. Спектакль "Пінская шляхта" ў пастаноўцы беларускага рэжысёра Мікалая Пінігіна з народным артыстам Беларусі Віктарам Манаевым у галоўнай ролі пакажа польскі тэатр "Рампа". Пастаноўку "Цырульніца" тэатра імя Міхая Чаканаі (Дзебрэцэн, Венгрыя) рэжысіраваў мастацкі кіраўнік цэнтра імя Усевалада Меерхольда (Санкт-Пецярбург) Віктар Рыжакоў. Спектакль "Прысвячэнне Еве" з Васілём Ланавым і Яўгенам Князевым у галоўных ролях пакажуць акцёры маскоўскага тэатра імя Вахтангава.

Літву на "Панараме" прадставяць дзве пастаноўкі: спектакль "Ідыёт" паводле аднайменнага твора Фёдара Дастаеўскага ў інтэрпрэтацыі тэатра "Мено Фортас" і "Ганна Карэніна" ў выкананні тэатра танца Анжалікі Холінай.

Ад Беларусі на фестывалі выступяць лаўрэаты першай Нацыянальнай тэатральнай прэміі Беларусі, якая прысуджалася сёлета. Тэатр імя Янкі Купалы пакажа пастаноўку "Не мой" Аляксандра Гарцуева, якая перамагла ў намінацыі "Лепшы беларускі спектакль". Беларускі дзяржаўны тэатр лялек парадуе гледачоў "Лепшай рэжысёрскай работай" прэміі — спектаклем "Драй швэстэрн" Аляксея Леляўскага. Закрые фестываль спектакль Купалаўскага тэатра "Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл" Мікалая Пінігіна.

У рамках фестывалю таксама адбудзецца шэраг адкрытых лекцый і семінараў з удзелам рэжысёраў, акцёраў і тэатральных крытыкаў.

У аддзеле знешніх сувязей Купалаўскага тэатра нагадалі, што будынак тэатра цяпер знаходзіцца на рэканструкцыі, таму фестывальныя паказы пройдуць на розных тэатральных і канцэртных пляцоўках сталіцы.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 4 лістапада 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1001/10431
Текущая дата: 26.12.2024