Белорусский портал в Казахстане

Ніводны народ у свеце не можа быць па-сапраўднаму незалежным без багатай культурнай спадчыны і моцнай духоўнай асновы



Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджвання работнікаў культуры і гала-канцэрце майстроў мастацтваў.

"Сёння цудоўны вечар. Ён завяршае святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Незалежнасці нашай краіны. Мы, як з вамі і дамаўляліся ў свой час, адзначаем яго тут, ужо традыцыйна ў нашым Вялікім тэатры. Рады бачыць усіх вас у добрым здароўі і павіншаваць з гэтым вялікім святам!" - пачаў урачыстую цырымонію кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што для беларусаў незалежнасць - гэта свабода і жыццё, падораныя пакаленнем пераможцаў. "І мы помнім, што ў розныя перыяды гісторыі нашы продкі адстойвалі гэту свабоду не толькі са зброяй у руках", - адзначыў беларускі лідар.

"Ніводны народ у свеце не можа быць па-сапраўднаму незалежным, не валодаючы багатай культурнай спадчынай і не маючы моцнай духоўнай асновы, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Ствараеце яе вы - людзі мастацтва. Менавіта вы фіксуеце гістарычны момант, адлюстроўваючы яго ў мастацкім слове, музыцы, жывапісе, архітэктуры і скульптуры, на кінастужцы, у лічбе. Іншымі словамі - на стагоддзі складаеце летапіс жыцця пакалення, жыцця нашай дзяржавы. Мы адыдзем, а гэта застанецца".

"Ваша творчасць - гэта тое, што мы называем гістарычнай памяццю і нацыянальным здабыткам. Тое, што робіць нас нацыяй і з`яўляецца адной з умоў нашага суверэнітэту", - дадаў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што менавіта ад майстроў мастацтваў у многім залежыць, ці будзе незалежнасць Беларусі ўмацоўвацца і перадавацца з пакалення ў пакаленне. Пры гэтым важна помніць і аб тым, што менавіта мы перададзім наступным пакаленням.

3 ліпеня 2023, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/101/69932
Текущая дата: 19.11.2024