Белорусский портал в Казахстане

Ув абменнікі завозяць дадаткова беларускія рублі, а долары амаль не купляюць



На другі дзень таргоў на дадатковай сесіі Беларускай валютна-фондавай біржы склаліся новыя курсы: долар ЗША — 8500 беларускіх рублёў (патаннеў на 100 рублёў), еўра — 12150 (падаражэў на 50 рублёў), расійскі рубль — 295 (патаннеў на 10 рублёў).

Карэспандэнт "Звязды" ізноў выправіўся на шпацыр па абменніках Мінска.

Касір у абменным пункце аддзялення "Беларусбанка" на праспекце Незалежнасці, напэўна, заснула б, калі б людзі не хацелі пакласці грошы на мабільны. Аб валюце яе зусім ніхто не пытаўся. Усе толькі так, дзеля цікавасці, глядзелі, колькі ж каштуе сёння долар ды еўра.

Абменнік "Белзнешэканомбанка" каля ЦУМа ўсё ж такі хоць неяк працаваў па назначэнні. Тут і здавалі патрошку, і нават куплялі. Адзін малады чалавек вельмі жадаў купіць 350 долараў, але касір сказала, што ёсць толькі 105. "Ну, тады сто давайце", — уздыхнуў мужчына.

На чыгуначным вакзале таксама не было вялікага ажыятажу. Ні па здачы, ні па куплі замежнай валюты. Абменнік "Мінскага транзітнага банка" працаваў толькі на куплю валюты. Дарэчы, такія ж "беларусбанкаўскія" абменныя пункты мне патрапіліся і ў гандлёвым цэнтры "Сталіца". Справа ў тым, што гэтыя абменнікі яшчэ з канца жніўня працуюць толькі на куплю валюты, пасля чаго накіроўваюць яе на продаж насельніцтву на сацыяльна значныя патрэбы (такі рэжым працы быў прапанаваны Нацыянальным банкам). Касір "МТ-Банка" паведаміла, што людзі здаюць шмат валюты і рублёў не хапае. "Чакаю: павінны пасля абеду яшчэ прывезці", — сказала жанчына. Таксама яна падкрэсліла, што вялікага попыту на куплю няма: "Мы і не прадаём, але людзі часам пытаюцца. Але ж вунь насупраць — там таксама чарга не стаіць". А насупраць — абменны пункт "БПС-Банка". Там і сапраўды таксама было пуста. Я змог спакойна паразмаўляць з касірам. "Так, рублёў не хапае, — заявіла супрацоўніца "БПС-Банка". —Падвозяць дадаткова. Разумееце, здаюць хоць у асноўным і не вельмі шмат (долараў па 100), але рублёў трэба за іх аддаць ажно 850000. Калі ў цэлым глядзець, то вельмі шмат здаюць. А купляць ніхто не хоча. Толькі тыя, хто з`язджае куды-небудзь, могуць купіць, аднак гэта не суадносна з тым, колькі здаюць. Было нават, што тысячу здавалі".

Уладзіслаў Кулецкі
Звязда, 16 верасня 2011

Курсы некаторых банкаў на 15 верасня

"Беларусбанк":

долар ЗША — 8400 і 8800,
еўра — 11400 і 12100,
расійскі рубель — 275 і 305.

"Белзнешэканомбанк":

долар ЗША — 8100 і 8600,
еўра — 11600 і 12100,
расійскі рубель — 270 і 305.

"БПС-Банк":

долар ЗША — 8500 і 8900,
еўра — 11500 і 12300,
расійскі рубель — 270 і 310.

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1010/9270
Текущая дата: 16.11.2024