Белорусский портал в Казахстане

Мігранты ў Беларусі



У Беларусі няма праблемы з мігрантамі, заявіў Аляксандр Лукашэнка 7 кастрычніка на прэс-канферэнцыі для расійскіх СМІ.

Паводле яго слоў, усе жадаючыя могуць прыязджаць у Беларусь на працу. Апрача таго, дадаў Лукашэнка, у Беларусі вучацца прыкладна 5 тысяч замежных студэнтаў, "высока цэніцца інжынерная і медыцынская адукацыя". "Да нас прыязджаюць тысячы людзей, мы ведаем кожнага, дзе яны жывуць, чым яны займаюцца. Міліцыя праінфармавана, яны займаюцца гэтымі пытаннямі", — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

На памяці Лукашэнкі за ўсе 17 гадоў яго прэзідэнцтва толькі адзін выпадак "бойкі паміж мясцовымі і іншаземцамі", што адбыўся год таму.

Іншаземцы, якія прыязджаюць у Беларусь, ведаюць, чым яны будуць займацца, зазначыў Лукашэнка. Больш за ўсё, паводле яго слоў, Беларусь прымае будаўнікоў. Кожны год беларускае грамадзянства атрымліваюць прыкладна 3—5 тысяч чалавек, паведаміў кіраўнік дзяржавы. Што тычыцца беларусаў, то, паводле яго інфармацыі, штогод за межы краіны на пастаяннае месца жыхарства выязджаюць 600 чалавек.

Адзіная праблема нацыянальнай бяспекі ў Беларусі — гэта малая колькасць насельніцтва, падкрэсліў Лукашэнка. "Для Беларусі каля 10 мільёнаў — гэта мізер. Тут зямля можа пракарміць 30 мільёнаў, а 20 мільёнаў — проста, на ўзроўні навуковых тэхналогій", — сцвярджае ён. Менавіта таму, зазначыў Лукашэнка, улады Беларусі вітаюць прыезд у краіну расіян і грамадзян іншых былых рэспублік СССР — асабліва тых, хто прыязджае сем`ямі і гатовы працаваць у сельскагаспадарчай галіне.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН
Мінск, 7 кастрычніка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1011/9669
Текущая дата: 25.12.2024