Белорусский портал в Казахстане

Уладзімір Някляеў узнагароджаны літаратурнай прэміяй "Масква-транзіт"



Экс-кандыдат у прэзідэнты, лідар грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" паэт Уладзімір Някляеў узнагароджаны літаратурнай прэміяй "Масква-транзіт".

Як паведамляе прэс-служба кампаніі "Гавары праўду!",пра гэта стала вядома 4 кастрычніка падчас цырымоніі адкрыцця VII міжнароднага фестывалю "Біенале паэтаў", які праходзіць з 4 па 9 кастрычніка ў Маскве.

Някляеў быў адным са спецыяльна запрошаных гасцей, але не змог асабіста прысутнічаць на цырымоніі адкрыцця ў сувязі з забаронай пакідаць Беларусь. Ён змог звярнуцца з прывітальным словам да ўдзельнікаў фестывалю з дапамогай інтэрнэта, адзначае прэс-служба.

"Мне, канешне ж, вельмі хацелася быць цяпер у Маскве, разам з вамі, але пакуль не лёс. На далей як учора мяне афіцыйна папярэдзілі пра немінучыя каральныя санкцыі, калі я выеду з Мінска, межы якога мне забаронена пакідаць. Так што, хоць мне і вельмі хочацца да вас у Маскву, але не хочацца ў турму. Я ўдзячны арганізатарам за магчымасць хаця б вось такой, віртуальнай, прысутнасці на цырымоніі адкрыцця форуму паэтаў, і за прапанову адкрыць яго маімі вершамі", — сказаў Някляеў.

"Біенале паэтаў" праводзіцца ў Маскве з 1999 года пад патранатам урада расійскай сталіцы і пры падтрымцы дэпартамента культуры Масквы, пасольстваў і культурных цэнтраў замежных краін.

Гасцямі "Біенале паэтаў" у Маскве розных гадоў былі найбуйнейшыя міжнародныя і расійскія паэты з Бельгіі, Германіі, Іспаніі, Канады, Кітая, Мексікі, Новай Зеландыі, ЗША, Францыі, Беларусі, Грузіі, Латвіі, Літвы, Узбекістана, Украіны, а таксама з усіх рэгіёнаў Расіі.

Традыцыйна ў біенале бяруць удзел сучасныя расійскія паэты: Юрый Арабаў, Сяргей Гандлеўскі, Наталля Гарбанеўская, Цімур Кібіраў, Аляксандр Кушнер, Алег Чухонцаў.

Прэмія "Масква-транзіт" прысуджаецца паэтам, якія жывуць і працуюць за межамі Масквы. Вялікая прэмія прысуджаецца аўтарам, якія ўжо заваявалі шырокае прызнанне, малая — больш маладым і менш вядомым.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 5 кастрычніка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1013/9598
Текущая дата: 26.12.2024