Белорусский портал в Казахстане

У гэтым годзе датацыі з бюджэту атрымаюць 25 дзяржаўных друкаваных СМІ



Падтрымку дзяржавы ў 2011 годзе атрымаюць 25 дзяржаўных друкаваных сродкаў масавай інфармацыі. Гэта вынікае з пастановы Савета міністраў "Аб зацвярджэнні палажэння аб парадку давання субсідый асобным юрыдычным асобам, на якіх ускладзены функцыі рэдакцый друкаваных СМІ", зарэгістраванай на Нацыянальным прававым партале 26 жніўня.

У спісе такіх выданняў — "Алеся", "Беларускі гістарычны часопіс", "Беларусь. Belarus", "Белорусская нива", "Вместе!", "Вожык", "Вясёлка", "Журнал специального назначения", "Звязда", "Здравоохранение", "Знамя юности", "Зорька", "Культура", "Літаратура і мастацтва", "Маладосць" (дадатак "Бярозка"), "Мастацтва", "Народная асвета", "Народная газета", "Нёман", "Полымя", "Родная прырода", "Рэспубліка", "Советская Белоруссия", "Спортивная панорама", The Minsk times (дадатак "Голас Радзімы").

Грошы ім будуць выдавацца на частковае пакрыццё расходаў на выдавецкія паслугі, набыццё паперы і заработную плату супрацоўнікам рэдакцый. Пры гэтым, як вынікае з пастановы, пры пераліку субсідый будуць улічвацца памеры "адмоўнага фінансавага выніку" дзейнасці па выпуску СМІ.

Рэдакцыі названых выданняў павінны рэгулярна падаваць бухгалтарскія справаздачы.

Каментуючы пастанову, намеснік старшыні РГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (БАЖ) Андрэй Бастунец адзначыў, што спісы дзяржаўных СМІ, якім аказваецца бюджэтная падтрымка, зацвярджаюцца ўрадам штогод, прычым без правядзення якіх-небудзь конкурсаў. Летась такіх СМІ было 24, у гэтым — на адно больш.

Сёлета, паводле інфармацыі Бастунца, агульная сума датацый на падтрымку СМІ з дзяржбюджэту складае прыкладна 54 мільёны еўра, з якіх 43 мільёны прызначаныя на фінансаванне дзяржаўных тэлеканалаў.

Паводле меркавання намесніка старшыні БАЖ, гэта пастанова Саўміна "добра ілюструе нядаўнія выказванні міністра інфармацыі Алега Праляскоўскага аб тым, што ў рыначных умовах дзяржаўныя СМІ нібыта лёгка перамогуць недзяржаўныя".

Нагадаем, 23 жніўня падчас анлайн-канферэнцыі на сайце агенцтва БелТА Праляскоўскі заявіў: "Я ўпэўнены, што ў рыначных умовах большасць нашых газет ("Советская Белоруссия", "7 дней" і іншыя) каменя на камні не пакінуць ад так званых незалежных газет. Рэйтынгі нашых выданняў значна вышэйшыя, чым у так званых апазіцыйных газет, а па колькасці падпісантаў — гэта проста неба і зямля. Больш за тое, нашы выданні ў няпросты эканамічны час у стане выйсці на самаакупнасць. Але мы трымаем невялікую падушку бяспекі".

БелаПАН
Мінск, 4 верасня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1015/9006
Текущая дата: 16.11.2024