Белорусский портал в Казахстане

Жыллё за валюту для рэзідэнтаў Беларусі



Стала вядома, што сталічныя ўлады плануюць будаваць камерцыйнае жыллё і прадаваць кватэры за валюту.

Аб прычынах і сутнасці ініцыятывы карэспандэнт "Звязды" пагутарыў з намеснікам старшыні Мінгарвыканкама Сяргеем Радаманам.

— Для чаго Мінгарвыканкам выступіў з такой ініцыятывай?

— Зварот на імя кіраўніка дзяржавы з прапановай будаўніцтва камерцыйнага жылля за замежную валюту і продажу кватэр, якія знаходзяцца ў камунальнай уласнасці, таксама за валюту быў зроблены з мэтай вырашэння праблемы вострага дэфіцыту гэтай валюты для папаўнення фінансавання будаўніцтва такіх аб`ектаў, як новы будынак музея Вялікай Айчыннай вайны і іншыя. Акрамя таго, замежная валюта неабходна таксама для будаўніцтва аб`ектаў, дзе будзе праводзіцца чэмпіянат свету па хакеі з шайбай у 2014 годзе ў Мінску (напрыклад, для набыцця спецыяльнага тэхналагічнага абсталявання і матэрыялаў).

— Калі гэта спосаб прыцягнення валюты, то наколькі ён будзе эфектыўным?

— Гэтая ініцыятыва можа быць рэалізавана як часовы захад для фарміравання крытычнага імпарту, аплаты даўгоў камунальных прадпрыемстваў, якія ў сваіх разліках выкарыстоўваюць валюту.

Гэта можа быць таксама захадам для вызвалення валютных зберажэнняў насельніцтва.

— Як Нацыянальны банк Беларусі ставіцца да такой ідэі?

— На гэты момант, згодна з сумесным лістом Савета Міністраў і Нацыянальнага банка ад 11 жніўня гэтага года №39/102-338 Прэзідэнту Беларусі, ініцыятыва Мінгарвыканкама ў частцы аплаты ў замежнай валюце па дамовах долевага будаўніцтва жылых памяшканняў не падтрымана. У той жа час у якасці часовага захаду да стабілізацыі сітуацыі на валютным рынку Нацбанк гатовы ў зацверджаным парадку разглядаць пытанні аб выдачы індывідуальных дазволаў на атрыманне юрыдычнымі асобамі-рэзідэнтамі замежнай валюты ад іншых рэзідэнтаў па здзелках, якія прадугледжваюць продаж гатовых кватэр, што знаходзяцца ў камунальнай маёмасці, за кошт асабістых сродкаў без прыцягнення крэдытных рэсурсаў банкаў.

— Якія кватэры плануюць рэалізоўваць?

— На нашу думку, попытам будзе карыстацца продаж за валюту кватэр, якія знаходзяцца ў цэнтральнай частцы горада ў жылых дамах каркаснага выканання, што былі перададзены заказчыкамі па будаўніцтве дамоў у камунальную ўласнасць горада Мінска ў залік сярэдняга паказчыка зносу і прызначаных для перасялення грамадзян з жылых дамоў, падлеглых зносу ў сувязі з прадастаўленнем зямельных участкаў пад жыллёвае будаўніцтва, а таксама пабудаваных камунальнымі юрыдычнымі асобамі. Дарэчы, зараз ДВА "Мінскбуд" гатова прапанаваць для рэалізацыі за замежную валюту дзесяць кватэр.

— Па якой цане будуць прадавацца гэтыя кватэры? Яна будзе меншай ці большай за камерцыйную?

— Цану мяркуецца вызначаць па рынкавым кошце (але не ніжэй за ацэначную), які будзе вызначаны ў адпаведнасці з заканадаўствам аб ацэначнай дзейнасці ў замежнай валюце. Такім чынам, цана такіх кватэр будзе ў межах камерцыйнай.

— На каго будуць разлічаны гэтыя кватэры?

— Рэалізацыю кватэр за замежную валюту мяркуецца ажыццяўляць рэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Уладзіслаў Кулецкі
Звязда, 2 верасня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1016/8985
Текущая дата: 16.11.2024