Белорусский портал в Казахстане

"Белая вежа"-2011: перамагла дружба?



Вось і скончыўся чарговы тэатральны фестываль "Белая вежа". Са сцэны прагучала традыцыйнае: "Бывай, "Вежа-2011! Вітаем цябе, "Вежа-2012"! 16-ы па ліку фэст вызначыўся тым, што па яго выніках не называлі пераможцаў, нікому не ўручылі Гран-пры, як у мінулыя гады.

Няправільна будзе сказаць, што прэтэндэнтаў на ўзнагароду не было. І найпершы з іх — Беларускі дзяржаўны тэатр лялек. Спектакль "Вянчанне" па п`есе Вітальда Гамбровіча, пастаўлены маладым рэжысёрам Аляксандрам Янушкевічам, выклікаў фурор на фестывалі. Адно тое, што лялечнікі замахнуліся на складанага авангарднага Гамбровіча, філасофія якога звычайна падаецца праз абсурд, выклікае і павагу, і апаску адначасова. Але апасенні развеяліся ў тых, хто здолеў паглядзець работу да канца.

Яшчэ да пачатку дзеяння на сцэне гледача папярэдзілі ў праграмцы, што ўсё што будзе, — ёсць фарс, сон, вар`яцтва. Таму не варта было чакаць рэалізму, а таксама шукаць логіку ў дзеяннях герояў. У сне ж бываюць усялякія неверагоднасці. Так і тут. Галоўны герой спектакля Генрык вярнуўся з вайны. Пасля доўгай разлукі ён не пазнае бацькоўскі дом, бо дом ператварыўся ў карчму, бацькі страцілі розум, а яго каханая нявеста стала блудніцай. Ён то трызніць, уяўляючы сваіх бацькоў каралём і каралевай, якіх трэба скінуць з трону, то жыве рэальным жыццём. І вельмі цяжка бывае адрозніць, дзе канчаецца сон і наступае рэальнасць. Паралельна з жывымі персанажамі на сцэне дзейнічаюць іх двайнікі-лялькі. І часта самую цяжкую ношу (напрыклад, сцэну пабояў альбо элементаў гвалту) бяруць на сябе яны — непрыгожыя, расплыўчатыя істоты ў чалавечы рост. Гэта вельмі ўдалы і тактоўны рэжысёрскі прыём — абараніць нервы і псіхіку гледача ад "жывога" сцэнічнага гвалту. І, разам з тым, крок за крокам паказаць крызіс сучаснага чалавека, які страціў былыя ідэалы і заблытаўся і ў сабе, і ў навакольным свеце. Вайна таксама абыходзіцца з чалавекам, як з лялькай. І ці толькі вайна? Таму і гавораць знаўцы, што ў абсурдзе Гамбровіча надта шмат ісціны.

Але, здаецца, паспяшаліся некаторыя крытыкі з кампліментамі ў адрас брэсцкай публікі, якая выхавала свой эстэтычны густ фестывальнымі гадамі. А магчыма, супала, што на гэты спектакль прыйшло шмат выпадковых людзей? А можа, перад спектаклем трэба чытаць лекцыю гледачам па філасофіі і эстэтыцы Гамбровіча? Адным словам, пасля антракту зала апусцела прыкладна напалову. Што зробіш: нашы людзі ў многім выхаваныя прамалінейнасцю серыялаў, губляюцца там, дзе даводзіцца даваць работу мазгам, уключаць уяўленне. Таму многія і палічылі за лепшае вярнуцца дадому ды ўключыць прывычны канал.

А журы павяло сябе досыць дыпламатычна, калі вырашыла Гран-пры не прысуджаць. Бо іншых работ, акрамя гэтай, як прэтэндэнтаў на прыз крытыкі нават не разглядалі. Але аддаць галоўную ўзнагароду Аляксандру Янушкевічу і яго камандзе азначала б моцна пакрыўдзіць публіку. У рэшце рэшт не аддалі нікому, падразумяваючы, вядома, беларускіх лялечнікаў.

Такіх жа, якія любіць публіка, "серыяльных" спектакляў было на фэсце дастаткова. Гэта, перш за ўсё, "Маньяк" у пастаноўцы рускага драматычнага тэатра з Ерэвана. Спектакль пастаўлены па п`есе папулярнага расійскага драматурга і сцэнарыста Ганны Слуцкі. Яе работы — "Ландыш серабрысты", "Маё вялікае армянскае вяселле". Апошнім, па-мойму, многае сказана. Тут кіпелі страсці, прычым сюжэт спектакля даволі празрысты, відавочны — як і, дарэчы, сцэнарый магчымага будучага серыяла. У сюжэце спектакля "Зорка, каханне, шампанскае" прысутнічалі і адзінокая жанчына, маланкавае каханне, і жорсткая рэальнасць з атручэннем гераіняй героя. Усе гэтыя дзеі цікава глядзяцца, трымаюць у пэўнай напрузе, але яны не патрабуюць самаадданай ігры акцёраў і ствараюць навязлівае ўражанне, што ты гэта ўжо недзе бачыў. Мы глядзелі камерцыйныя спектаклі, якія, паводле меркавання некаторых крытыкаў, трэба выносіць за рамкі фестывальнай праграмы. Бо тэатральны фестываль падразумявае нейкае адкрыццё, эксперымент, новае слова.

І ў гэтым сэнсе варта сказаць камплімент Харкаўскаму дзяржаўнаму ўкраінскаму акадэмічнаму драматычнаму тэатру імя Т. Шаўчэнкі. Іх пастаноўка "Войцэк" па п`есе нямецкага драматурга Георга Бюхнера, заяўленая ў анонсе як украінскі балаган, у нечым пераклікаецца з беларускім "Вянчаннем". Там таксама паказаны крызіс маленькага, безабароннага чалавека, уцягнутага ў хаос вайны, беднасці і несправядлівасці. І ва ўсім гэтым няцяжка ўгадаць дзень сённяшні. Бо заўсёды прысутнічае свабодны выбар чалавека: прыняць правілы гульні ці ўсё ж застацца Чалавекам. Надрыўна, адчайна, з поўнай аддачай ігралі ўкраінскія акцёры. І часам нават рабілася страшна: ці то за іх псіхіку, ці то за свой эмацыйны стан. Вядома, работа — несумненная ўдача рэжысёра Аляксандра Коўшуна і яго каманды.

Былі і іншыя знаходкі сёлетняга фестывалю. У прыватнасці, спектакль "Вяселле Бальзамінава" ў выкананні старых знаёмых — леташняга ўладальніка Гран-пры, пермскага тэатра "Ля моста". Гэты аўтарскі тэатр умее нават старую прывычную класіку прапанаваць па-новаму, зрабіць у нейкай новай гратэскнай манеры і тым самым заваражыць, павесці за сабой.

Монаспектакль паводле твораў Змітрака Бядулі "Пяюць начлежнікі" ў выкананні Галіны Дзягілевай Беларускага паэтычнага тэатра аднаго акцёра "Зніч" атрымаў дыплом за лепшую жаночую ролю. Прыз за лепшую мужчынскую ролю дастаўся артысту з Германіі Дэвіду Коху за монаспектакль "Свет Кафкі". На жаль, спектакль ішоў на нямецкай мове без перакладу. Але ж у складзе журы была прадстаўніца Германіі, якая і змагла яго ацаніць. Вышэйназваны спектакль "Вянчанне" забраў два дыпломы — за лепшую сцэнаграфію і за перспектыўнасць рэжысёрскага мыслення. У сваю чаргу Брэсцкі тэатр, які прадстаўляў прэм`еру — "Раскіданае гняздо", узнагародзілі за высокую тэатральную культуру. Вядома, нездарма.

Тэатральны фестываль скончыўся. І хоць сёлета ён быў крыху менш маштабны, чым у папярэднія гады, але меў свае адкрыцці і знаходкі. Міністр культуры нашай краіны Павел Латушка назваў у сваім прывітанні "Белую вежу" візітоўкай фестывальнага жыцця Беларусі. Хацелася б, каб гэты фэст заставаўся такім і надалей.

Святлана Яскевич
Звязда, 20 верасня 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1017/9320
Текущая дата: 26.12.2024