Белорусский портал в Казахстане

Нацбанк не забараняў банкам прадаваць насельніцтву наяўную валюту



Упраўленне інфармацыі Нацыянальнага Банка Беларусі абвяргае паведамленні, якія апошнім часам з`явіліся ў СМІ, пра тое, што быццам Нацбанк "забараніў камерцыйным банкам рэспублікі прадаваць насельніцтву наяўную замежную валюту праз абменныя пункты". Гэта інфармацыя абсалютна не адпавядае рэчаіснасці.

Ліст Нацыянальнага банка ад 23.08.2011 № 21-18/179 з прапановай разгледзець пытанне аб ажыццяўленні асобнымі абменнымі пунктамі і касамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі буйных гандлёвых цэнтраў і рынкаў, аперацый толькі па куплі наяўнай валюты з аплатай у наяўных беларускіх рублях для далейшага накіравання гэтай валюты на продаж насельніцтву на сацыяльна значныя патрэбы быў накіраваны ў адрас толькі шасці сістэмаўтваральных банкаў краіны. Дарэчы, падрыхтаваны ліст быў у адпаведнасці са зваротам Асацыяцыі беларускіх банкаў.

Рашэнне было прынята для ўпарадкавання сітуацыі вакол абменных пунктаў. Маніторынг паказаў, што каля абменнікаў у буйных гандлёвых цэнтрах і на рынках утвараюцца вялікія чэргі. Пры гэтым у чэргах практычна прысутнічаюць адны і тыя ж асобы, якія, хутчэй за ўсё, набываюць валюту для далейшага продажу яе на тых сегментах валютнага рынку, якія не рэгулююцца. Да таго ж чэргі каля абменных пунктаў перашкаджаюць працы персаналу гандлёвых цэнтраў і рынкаў і ствараюць нязручнасці для пакупнікоў.

Таму буйным беларускім банкам, якія маюць абменнікі на такіх тэрыторыях, далі права сумесна з кіраўніцтвам гандлёвых аб`ектаў вызначыцца, ці хочуць яны выкарыстоўваць прапанаваны рэжым працы і ў якіх канкрэтных абменных пунктах.

Усе астатнія абменнікі Беларусі, гэта значыць абсалютная большасць, будуць ажыццяўляць аперацыі як па куплі, так і па продажы валюты.

Уладзіслаў Кулецкі
Звязда, 27 жніўня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1019/8836
Текущая дата: 16.11.2024