Белорусский портал в Казахстане

Кінафестываль «Magnificat» распачнецца 6 верасня ў Мінску



Міжнародны каталіцкі Фестываль хрысціянскіх дакументальных фільмаў і тэлепраграм «Magnificat-2011» распачнецца 6 верасня ў Мінску. На наступны дзень ён накіруецца ў Глыбокае і Удзела.

Фестываль пройдзе ўжо ў сёмы раз, але толькі другі год запар ён будзе распачынацца ў Мінску. Па словах старшыні фестывалю Юрыя Гарулёва, вопыт мінулага года паказаў станоўчы вынік новаўвядзенняў — перанясення тэрміну з лета на восень і распачацця фестывалю ў Мінску.

Распачнецца фестываль урачыстай літургіяй у мінскай архікатэдры а 11-й гадзіне. Конкурсны прагляд прац распачнецца ў 15.00 у касцёле св. Сымона і св. Алены. Падрабязную праграму фестывалю глядзіце на сайце signis.by.

Заснавальнікамі фестывалю з’яўляюцца Каталіцкая асацыяцыя для камунікацый «Signis — Беларусь», Віцебская дыяцэзія, рэдакцыя культурна-рэлігійнага часопіса «Дыялог», унітарнае прадпрыемства Студыя «Стоп-кадр». Фестываль праводзіцца пад патранатам Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Міжнародны каталіцкі Фестываль хрысціянскіх дакументальных фільмаў і тэлепраграм «Magnificat» з’яўляецца аглядам работ беларускіх і замежных майстроў у галіне кіно і тэлебачання, якія накіраваны на евангелізацыю грамадства і падтрымку агульначалавечых каштоўнасцяў.

Catholic.by
26 жніўня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1020/8842
Текущая дата: 16.11.2024