Белорусский портал в Казахстане

"Ітэра" заяўляе, што мае намер выканаць узятыя на сябе абавязацельствы з улікам заўваг Лукашэнкі



"Міжнародная група кампаній "Ітэра", якая з`яўляецца стратэгічным інвестарам праекта "Мінск-Сіці", мае намер выканаць узятыя на сябе абавязацельствы з улікам заўваг, выказаных прэзідэнтам Беларусі", — гаворыцца ў распаўсюджаным 13 верасня каментарыі кампаніі ў сувязі з выказваннямі Аляксандра Лукашэнкі на сённяшняй нарадзе ў Мінску.

Нагадаем, прэзідэнт выказаў незадаволенасць ходам рэалізацыі праекта і запатрабаваў ажыццявіць яго ў раней узгодненыя тэрміны.

Як зазначылі ў кампаніі "Ітэра", згодна з інвестыцыйным дагаворам, рэалізацыя праекта ажыццяўляецца ў 11 этапаў. Стары сталічны аэрапорт, авіярамонтны завод і іншыя гаспадарчыя аб`екты, размешчаныя на тэрыторыі будучага "Мінск-Сіці", падлягаюць дэмантажу. Усяго на 318 гектарах да 2020 года плануецца пабудаваць 3,3 млн. кв. м жылой і камерцыйнай нерухомасці, а таксама аб`екты сацыяльнай інфраструктуры.

Першы этап праекта кампанія павінна завяршыць у IV квартале 2015 года. На 20 гектарах будзе ўзведзена больш за 220 тыс. кв. м жылля і інфраструктурных аб`ектаў, у тым ліку гандлёвы комплекс, дзіцячыя садкі, паркінгі.

Зараз, згодна з планам, ажыццяўляецца забудова першага квартала "Мінск-Сіці", з тэрыторыі якога ўжо дэманціравана старое прадпрыемства КЖІ-214. Узведзеныя чатыры дамы (два 10-ці і два 19-павярховыя) з жылым фондам на 615 кватэр. Аддзелачныя работы і пракладка падземных камунікацый завершацца да канца гэтага года. Закладзены фундамент 25-павярховага дома з падземным паркінгам, і ў хуткім часе кампанія плануе пачаць будаўніцтва яшчэ чатырох дамоў, паведамляецца ў прэс-рэлізе.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 13 верасня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1020/9198
Текущая дата: 26.12.2024