Белорусский портал в Казахстане

Паляванне на курэй, чума і іншыя фішкі "Белага замка"



Так, сапраўды падчас ХІІ міжнароднага фестывалю сярэднявечнай культуры і музыкі "Белы замак" хлопцам у рыцарскіх даспехах давядзецца пабегаць за свойскімі птушкамі.

Гэта адна з новых гульняў, якую арганізатары сёлета прапануюць удзельнікам. Па легендзе рыцары захапілі паселішча і ім трэба сабраць правіянт.

А ўжо што тычыцца чумы — гэта не столькі забава, колькі пакаранне. Каб пазбавіцца ад шыльдачкі з надпісам хваробы, неахайным удзельнікам фестывалю давядзецца прыбраць за сабой.

Як адзначаюць арганізатары "Белага замка", галоўнае — стварыць пэўную атмасферу, зрабіць усё для таго, каб удзельнікі і гледачы на фестывалі змаглі выдатна правесці час, павесяліцца. "Белы замак" задумваецца, як мультыфестываль, які павінен аб`ядноўваць самых розных рэканструктараў. Таму тут можна сустрэць касцюмы "з розных стагоддзяў", пачуць як сярэднявечную музыку, так і бардаў, і рок. Між іншым, на ХІІ фестывалі ладзіцца багатая канцэртная праграма, і сёлета за яе падрыхтоўку ўпершыню адказваюць не самі рыцары, а прафесійныя музыкі.

Зазначу, што сярэднявечны фестываль цяпер будзе праводзіцца два разы на год. І ўсіх прыхільнікаў сярэднявечча прымаюць у сапраўдным прыстанку рыцараў — гісторыка-культурным цэнтры "Рыцарскі Замак", што знаходзіцца недалёка ад Мінска (вёска Астрашыцкі гарадок).

Фестываль праходзіць з 19 па 21 жніўня.

На фестываль з`ехаліся ўдзельнікі з Літвы, Беларусі, Расіі і Украіны. Побач з рыцарскім станам разбіты і турыстычны лагер, гледачы будуць забяспечаны ўсім неабходным — дровамі, вадой, пастаянна працуюць бары і таверны. У дні фестывалю пачнуць дзейнічаць і такія цікавыя аб`екты, як "гарцуючы поні" — сярэднявечная карчма, якую плануецца "насяліць" рознымі міфічнымі істотамі, і "эльфійская альтанка", скрозь дах якой "прараслі" старыя сосны. Тут можна не толькі пад`есці, але і паглядзець, як гатуецца сярэднявечная ежа. У меню, што прапануецца гасцям, — стравы, якімі ласаваліся ваяры колькі стагоддзяў таму — поліўка, рулькі, смажаныя перапёлкі, бараніна і іншае. Тут таксама можна паспытаць і старажытныя напоі — медавуху і збіцень. Гледачы змогуць паўдзельнічаць у розных гульнях, майстар-класах па танцах і нават узяць напракат сярэднявечныя касцюмы.

Усе дні фестывалю працуе кірмаш, дзе можна набыць самыя розныя рэчы, у тым ліку і сярэднявечныя музычныя інструменты.

Сярод навінак "Белага замка" — гульня "Падарунак султану", якая дапоўніць традыцыйную "карусель" (бітва з сарацынам, зняцце кальца, цалянне дроцікам у кабана, сячэнне капусты). Дарэчы, конны турнір, што ладзіцца ў Беларусі, адзін з самых буйных, што праводзяцца на тэрыторыі СНД.

Упершыню у межах фестывалю ладзіцца конкурс фаер-шоу.

Фішка ХІІ фестывалю — баі, якія выходзяць за межы рысталішча. Плануецца задзейнічаць лясны масіў, зрабіць некалькі гульнявых зон. Кожны атрад павінен будзе выканаць пэўную задачу. У лесе могуць быць схаваныя сцягі, на сваім шляху ваяры могуць сустрэцца з рознымі нечаканасцямі — напрыклад, быць абстраляныя лучнікамі.

З гэтага года ў рыцараў з`явілася і заступніца — ужо напісаная ікона, якую плануецца асвяціць. А таксама "Белы замак" займеў свайго "оскара" — статуэтку рыцара, якая будзе ўручацца пераможцам.

Алена Дзядзюля
Звязда
20 жніўня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1021/8699
Текущая дата: 16.11.2024