Белорусский портал в Казахстане

Казімір Фарыно: "Гімназіі даказалі сваё права на існаванне..."



Больш як 3,2 тысячы мінскіх школьнікаў былі залічаны ў гэтым годзе ў пятыя класы гімназій па выніках уступных іспытаў.

А ўсяго ў 2011/2012 навучальным годзе ў пятых гімназічных класах па ўсёй краіне будуць навучацца крыху больш як 12 тысяч дзяцей, што складае 13,3 працэнта ад агульнага кантынгенту навучэнцаў пятых класаў (у папярэднім навучальным годзе — 14 працэнтаў).

Не сакрэт, што многія з бацькоў лічаць паступленне свайго дзіцяці ў гімназію залогам яго паспяховай будучыні. І хоць непасрэдна гімназічная адукацыя пачынаецца толькі з пятага класа, тым не менш бацькі спрабуюць уладкаваць сваё дзіця ў першы клас абавязкова пры гімназіі: маўляў, так праз чатыры гады яму прасцей будзе стаць гімназістам.

— Хачу падкрэсліць, што змест вучэбных праграм у пачатковай школе паўсюдна аднолькавы, уключаючы выкладанне замежных моў, усе навучэнцы пачатковых класаў навучаюцца па Адзіным тыпавым вучэбным плане, таму ніякіх пераваг пры паступленні ў гімназіі ў навучэнцаў пачатковых класаў пры гімназіях у параўнанні з выхаванцамі іншых навучальных устаноў няма, — сцвярджае першы намеснік міністра адукацыі нашай краіны Казімір Фарыно. — Гэта значыць, што ўсе навучэнцы чацвёртых класаў маюць роўныя стартавыя магчымасці для ўдзелу ва ўступных выпрабаваннях пры паступленні ў гімназію.

У пацвярджэнне сваіх слоў Казімір Фарыно прывёў канкрэтны прыклад: у сталічную гімназію №1 паступілі 100 дзяцей. З іх 55 чалавек навучалася ў пачатковай школе пры гімназіі, а 45 — у іншых установах адукацыі. Прахадны бал склаў 54. Аднак ёсць гімназіі, дзе з 60 залічаных 59 навучаліся пры той жа гімназіі і прахадны бал там склаў 48.

— Канешне, сёння на гімназічную адукацыі існуе вялікі попыт, але калі бацькі бачаць, што ў пачатковай школе па асноўных дысцыплінах дзіця паспявае на 5 ці 6 балаў — гэта падстава для іх задумацца: а ці трэба падвяргаць малога выпрабаванням пры паступленні ў гімназію? Канешне, паспрабаваць свае сілы можа кожны, але якія ў дзіцяці шанцы набраць прахадны бал, бацькі могуць пралічыць самастойна..., — дадаў Казімір Фарыно. — Не сумняваюся, што новы парадак залічэння ў гімназіі будзе змяншаць напружанасць у бацькоў.

Трэба патлумачыць, што з гэтага года ўмовы паступлення ў гімназіі былі зменены. У прыватнасці, цяпер прыём у гімназію ажыццяўляецца як на аснове вынікаў уступных іспытаў, так і з улікам гадавых адзнак за чацвёрты клас па тых вучэбных прадметах, па якіх праводзяцца экзамены. Такім чынам, максімальная сума балаў, якую можа набраць вучань пры паступленні, складае 60.

У Міністэрстве адукацыі ўпэўненыя, што залічэнне ў гімназію з улікам гадавых адзнак павышае прэстыж той адзнакі, якую дзіця "зарабіла" за папярэднія чатыры гады навучання: яна перастае быць фармальнай. Да таго ж, чым большая колькасць адзнак бярэцца пад увагу, тым меншая верагоднасць у прэтэндэнтаў на званне гімназіста набраць аднолькавую колькасць балаў. Нагадаем, што раней залічэнне ў гімназіі ажыццяўлялася толькі па выніках экзаменацыйных адзнак.

Для даведкі: у сталіцы сярэдні бал залічаных у гімназіі быў 46,3 бала з 60 магчымых. Прыём ажыццяўляўся ў 42 гімназіі і адну гімназію-каледж. Прыняць удзел ва ўступных выпрабаваннях пажадалі каля пяці тысяч выпускнікоў пачатковай школы. Вынікі выпрабаванняў паказалі высокі ўзровень іх падрыхтоўкі: на дастатковым і высокім узроўнях з заданнямі справіліся 83 працэнты вучняў, пацвердзілі ці палепшылі свой вынік 65 працэнтаў дзяцей. Сярэдні конкурс склаў 1,6 чалавека на месца, аднак былі гімназіі, дзе конкурс складаў 2 чалавекі на месца.

Трэба дадаць, што ў гэтым навучальным годзе працавала камісія пад кіраўніцтвам старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, акадэміка Анатоля Рубінава, галоўная місія якой заключалася ў вывучэнні ўсіх бакоў функцыянавання гімназій. Натуральна, што эфектыўнасць дзейнасці гімназій залежыць ад многіх фактараў: ад арганізацыі ўступных іспытаў, парадку зацвярджэння кантрольных лічбаў прыёму, захавання канфідэнцыяльнасці экзаменацыйных матэрыялаў, аб`ектыўнасці і празрыстасці пры арганізацыі саміх выпрабаванняў, захавання адзінага падыходу да ацэньвання работ на ўступных іспытах...

Галоўным вынікам работы камісіі стала наступная выснова — гімназіі ўжо занялі сваю нішу ў сістэме адукацыі і даказалі сваё права на існаванне. Аднак трэба больш узважана і асцярожна падыходзіць да прысваення статусу гімназіі звычайным школам, паколькі нярэдка назіраецца не зусім апраўданае "захапленне" адкрыццём навучальных устаноў новага тыпу. Так, у Цэнтральным раёне горада Мінска гімназіі складаюць больш як трэцюю частку ад усіх агульнаадукацыйных устаноў. Таму далей трэба думаць пра тое, каб сетка гімназій была больш раўнамернай, каб не назіралася такіх дыспрапорцый у адкрыцці навучальных устаноў новага тыпу, якія маюць месца ў сталіцы. Усяго ў Беларусі функцыянуе сёння 212 гімназій (гэта 6 працэнтаў ад агульнай колькасці агульнаадукацыйных устаноў): 24 гімназіі — у Брэсцкай вобласці, 25 — у Віцебскай, 31 — у Гомельскай, 35 — у Гродзенскай, 36 — у Мінскай, 20 — у Магілёўскай і 41 — у Мінску. Яшчэ адзін вынік работы камісіі — змяненне ў гэтым годзе парадку прыёму ў гімназіі. Пра асобныя моманты ўжо згадвалася вышэй. Таксама калі раней заданні для ўступных іспытаў рыхтаваліся спецыялістамі ўпраўленняў адукацыі і Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, то ў гэтым годзе ўсё прайшло цэнтралізавана, пад кіраўніцтвам Міністэрства адукацыі. А на ўпраўленні і раённыя аддзелы адукацыі была ўскладзена задача па захаванні канфідэнцыяльнасці экзаменацыйных матэрыялаў. Да таго ж да працы ў прыёмных камісіях не дапускаліся настаўнікі, якія працуюць у платных гуртках ці групах па падрыхтоўцы да паступлення ў гімназіі, а таксама настаўнікі, якія працавалі з дзецьмі ў чацвёртых класах.

— Стварэнне гімназій — гэта выкананне заказу дзяржавы па навучанні дзяцей з высокімі патэнцыяльнымі магчымасцямі, — падкрэсліў Казімір Фарыно. — Гімназіі арыентаваныя ў першую чаргу на дзяцей, гатовых да творчай і даследчай дзейнасці ў розных галінах ведаў. Назаву толькі некалькі адрозненняў гімназій ад школы. Па-першае, у гімназіях ствараюцца ўмовы для навучання дзяцей на павышаным ўзроўні і індывідуальнага развіцця навучэнцаў. Паколькі прыём у гімназіі ажыццяўляецца на конкурснай аснове, то яшчэ на этапе фарміравання кантынгенту адбываецца адбор высокаматываваных дзяцей. Тыпавы вучэбны план гімназій прадугледжвае большую колькасць гадзін на вывучэнне матэматыкі і замежнай мовы ў параўнанні са школай, а на трэцяй ступені навучання адукацыйны працэс у гімназіях можа быць арганізаваны па чатырох напрамках: фізіка-матэматычным, хіміка-біялагічным, грамадазнаўчым і філалагічным. Асаблівыя патрабаванні прад`яўляюцца і да кадравага саставу. Так, кіраўнік гімназіі і яго намеснікі павінны мець вышэйшую педагагічную кваліфікацыйную катэгорыю, не менш як 70 працэнтаў настаўнікаў — вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыі.

Ва ўсіх гімназіях вучэбны працэс не абмяжоўваецца непасрэдна ўрокамі. Шмат увагі надаецца там і пазаўрочнай дзейнасці. У гімназіях рэгулярна праводзяцца канферэнцыі, на якіх навучэнцы прадстаўляюць і абараняюць даследчыя праекты, тэмы якіх вельмі часта выходзяць далёка за рамкі школьнай праграмы.

Па словах Казіміра Фарыно, "алімпіяднікі" — гэта навучэнцы з цэпкім розумам і імгненнай рэакцыяй, а "даследчыкі" — дзеці, якім патрабуецца крыху больш часу, каб падумаць, прыдумаць і ўвасобіць у жыццё. Але і першыя, і другія несумненна таленавітыя. Здольнасці ёсць у кожнага дзіцяці, незалежна ад таго, выдатнік ён ці не, і задача педагогаў — іх развіць.

Эфектыўнасць дзейнасці гімназій пацвярджаецца перамогамі іх выхаванцаў у алімпіядах рознага ўзроўню, вынікамі цэнтралізаванага тэсціравання, вядучымі пазіцыямі ў прысуджэнні афіцыйных прэмій, удзелам у даследчай дзейнасці, і, канешне, паспяховым уладкаваннем у жыцці.

Сярод пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды гэтага года — 322 гімназісты, што складае 47 працэнтаў ад агульнай колькасці ўдзельнікаў. У 2010 годзе больш як 50 працэнтаў пераможцаў міжнародных алімпіяд школьнікаў таксама былі выхаванцамі гімназій. Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання сярэдні бал удзельнікаў гімназій вышэйшы за сярэдні бал навучэнцаў сярэдніх школ на 13 балаў. Для прыкладу, па рускай мове сярэдні бал выпускнікоў гімназій у 2010 годзе быў 53,3, сярэдніх школ — 36,8, па матэматыцы — 39,7 і 25,6, фізіцы — 31,2 і 21,1 адпаведна.

Гімназісты складаюць таксама большую палову ўдзельнікаў рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцый па ўсіх вучэбных прадметах. Дадзеныя паказчыкі пацвярджаюць высокі ўзровень падрыхтоўкі гімназістаў, у той жа час дасягненне высокіх вынікаў магчыма пры ўмове якаснага правядзення адбору для навучання ў гімназіі

Казімір Фарыно расказаў, што падчас правядзення ўступных выпрабаванняў і адразу пасля іх завяршэння ў Міністэрства адукацыі паступіла больш як паўсотні вусных зваротаў па такіх пытаннях, як аб`ектыўнасць ацэньвання работ і выстаўлення адзнак; размеркаванне вучняў, якія не прайшлі па конкурсе для далейшага навучання ў школе; залічэнне ў гімназію дзяцей- блізнят, адно з якіх набрала неабходную колькасць балаў, а другое — не; недабор балаў; далейшае ўладкаванне дзяцей, якія вывучалі ў пачатковых класах кітайскую і іншыя замежныя мовы. Усе яны былі аператыўна разгледжаны. Казімір Фарыно не стаў хаваць, што незадаволенасць выказвалася бацькамі, якія лічаць, што высокія гадавыя адзнакі лягчэй атрымаць ў пачатковых класах пры звычайнай школе, чым пры гімназіі, а гэта, у сваю чаргу, дае перавагу тым, хто паступае са звычайных школ.

— Хачу звярнуць увагу на тую акалічнасць, што калі дзіця навучалася ў пачатковых класах пры гімназіі, але не паступіла ў пяты гімназічны клас, яно можа прадоўжыць навучанне ў школе, да якой адносіцца па месцы жыхарства, а ўпраўленні адукацыі і кіраўніцтва гімназіі абавязаны дапамагчы бацькам у вызначэнні школ, дзе іх дзіця зможа далей навучацца. Сёлета кантрольныя лічбы прыёму ў гімназіі былі зацверджаны да 10 красавіка, але каб зняць напружанне сярод бацькоў і вучняў у асобных гімназіях яны карэктаваліся пасля завяршэння ўступных іспытаў. Большасць пытанняў вырашалася на карысць вучняў, — запэўніў Казімір Фарыно.

Надзея Нікалаева
Звязда, 6 жніўня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1026/8414
Текущая дата: 15.11.2024