Белорусский портал в Казахстане

Натуральны прырост насельніцтва ў Мінску за першае паўгоддзе знізіўся амаль у тры разы



Натуральны прырост насельніцтва сталіцы (перавышэнне колькасці народжаных над колькасцю памерлых) імкліва скарачаецца, робяць выснову спецыялісты галоўнага статыстычнага ўпраўлення Мінска.

У параўнанні са студзенем—чэрвенем 2010 года ён скараціўся ў 2,6 разу.

Натуральны прырост быў адзначаны ў пяці раёнах горада: Фрунзенскім (507 чалавек), Маскоўскім (409 чалавек), Кастрычніцкім (132 чалавекі), Ленінскім (95 чалавек), Першамайскім (14 чалавек). У астатніх раёнах назіралася натуральнае скарачэнне насельніцтва.

Колькасць насельніцтва Мінска на 1 ліпеня 2011 года склала 1 млн. 868 тыс. чалавек і ў параўнанні з пачаткам года павялічылася на 3,9 тыс. чалавек.

Паводле звестак наяўнага ўліку за студзень—чэрвень 2011 года ў сталіцы нарадзіліся 9.732 дзіцяці, што на 5,5% менш, чым за аналагічны леташні перыяд. Скарачэнне колькасці нованароджаных адбылося ва ўсіх раёнах Мінска, апрача Фрунзенскага, дзе колькасць народжаных захавалася на ўзроўні студзеня—чэрвеня 2010 года. Агульны каэфіцыент нараджальнасці ў цэлым па горадзе знізіўся і склаў на 1.000 чалавек насельніцтва 10,5 народжанага супраць 11,2 за аналагічны перыяд 2010 года.

За першае паўгоддзе гэтага года ў Мінску памерлі 9.174 чалавекі. Агульны каэфіцыент смяротнасці склаў 9,9 чалавека на 1.000 чалавек насельніцтва.

У параўнанні з першым паўгоддзем 2010 года колькасць памерлых у цэлым па горадзе ўзрасла на 3,3%. Рост адбыўся ва ўсіх раёнах, за выключэннем Ленінскага і Савецкага. Больш высокае значэнне гэтага паказчыка ў параўнанні з агульнагарадскім было адзначана ў Фрунзенскім (112,6%) і Партызанскім (107,7%) раёнах.

Асноўнай прычынай смерці па-ранейшаму застаюцца хваробы сістэмы кровазвароту. Ад іх памерлі 5.213 чалавек, або 56,8% ад агульнай колькасці памерлых. Ад новаўтварэнняў памерлі 1.726 чалавек, або 18,8%. Ад няшчасных выпадкаў, атручэнняў, траўм і іншых знешніх уздзеянняў загінуў 841 чалавек, або 9,2%.

У працаздольным узросце ў першым паўгоддзі 2011 года памер 2.351 чалавек, або кожны чацвёрты з усіх памерлых. Пры гэтым ад хвароб сістэмы кровазвароту памерлі 35,6% усіх памерлых у працаздольным узросце, новаўтварэнняў — 16,7%, ад знешніх уздзеянняў — 24,1%.

Ва ўзросце старэйшым за працаздольны памерлі 6.744 чалавекі, або 73,5% ад агульнай колькасці памерлых, з іх 64,8% памерлі ад хвароб сістэмы кровазвароту, 19,7% — ад новаўтварэнняў.

За студзень—чэрвень 2011 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2010 года колькасць зарэгістраваных шлюбаў узрасла на 1,4%, колькасць разводаў знізілася на 0,5%. Усяго ж за першае паўгоддзе гэтага года зарэгістравана 6.338 шлюбаў і 3.760 разводаў. Палепшыліся суадносіны рэгістраваных і скасаваных шлюбаў: у першым паўгоддзі 2011 года на 1.000 шлюбаў прыпадалі 593 разводы, у першым паўгоддзі 2010 года — 604.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 2 жніўня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1027/8311
Текущая дата: 15.11.2024