Белорусский портал в Казахстане

Цэны ў Беларусі будуць імкнуцца да ўзроўню цэн у суседніх краінах



Цэны ў Беларусі будуць імкнуцца да ўзроўню цэн у суседніх краінах, заявіў на пасяджэнні Савета міністраў у Мінску 2 жніўня намеснік старшыні ўрада Сяргей Румас.

Ён падкрэсліў, што "дэвальвацыя нацвалюты прывяла да росту выдаткаў беларускіх вытворцаў, а няпэўнасць курсавой палітыкі не дазваляе выйсці на стабільныя ўмовы працы і прымушае закладваць у цэны дэвальвацыйныя чаканні і рызыкі ад устаноўленых абмежаванняў на валютным рынку".

Паводле слоў віцэ-прэм`ера, значны цэнавы разрыў з суседнімі дзяржавамі будзе стымуляваць неарганізаваны вываз беларускіх спажывецкіх тавараў, найперш харчавання. "Апрача таго, і цэны будуць імкнуцца да ўзроўню цэн на знешнім перыметры, і ў першую чаргу да ўзроўню цэн у Расіі", — сказаў Румас.

Віцэ-прэм`ер нагадаў, што за першае паўгоддзе індэкс спажывецкіх цэн дасягнуў найгоршага за апошнія 10 гадоў значэння — 36,2%. Вызначальны ўплыў на рост цэн у красавіку—чэрвені зрабілі манетарныя фактары — дэвальвацыя і множнасць курсаў. "Але назапашаны ў першым паўгоддзі інфляцыйны патэнцыял поўнасцю не рэалізаваны", — зазначыў Румас.

Для прадухілення скачкападобнага росту цэн урадам былі ўведзены абмежаванні на прырост да 1 ліпеня адпускных цэн па цэлым шэрагу тавараў. "У сувязі з заканчэннем тэрміну дзеяння абмежаванняў цэны на гэтыя тавары прыйшлі да рэальнага значэння. Адсюль і працяг росту індэкса спажывецкіх цэн — 103,1% за тры тыдні ліпеня", — падкрэсліў Румас.

Міністр эканомікі Мікалай Снапкоў са свайго боку зазначыў, што для забеспячэння ўнутранай збалансаванасці неабходна прыняць усе меры па запавольванні інфляцыйных працэсаў. "Для гэтага трэба дакладна разумець, што ўплывае на рост цэн. Цэны растуць, калі ў эканоміцы грошай больш, чым яна зарабіла", — падкрэсліў міністр. Таму, паводле яго слоў, з боку рэальнага сектара эканомікі найважнейшым індыкатарам стануць суадносіны тэмпаў росту заработнай платы і прадукцыйнасці працы. "Заработная плата павінна быць зароблена", — заявіў Снапкоў.

Сяргей Румас нагадаў пра яшчэ адну наяўную тэндэнцыю: "У другім паўгоддзі аб`ём спажывання будзе падаць з-за зніжэння рэальных даходаў насельніцтва. У кароткатэрміновай перспектыве структура спажывання зменіцца ў бок харчовых тавараў".

Вынікам гэтага, паводле яго слоў, будзе скарачэнне аб`ёмаў рэалізацыі прамысловых тавараў на ўнутраным рынку. "Пры няздольнасці таваравытворцаў пераарыентавацца на знешні рынак узнікае пагроза росту складскіх запасаў або зніжэння аб`ёмаў выпуску прадукцыі", — канстатаваў Румас.

Андрэй Кажамякін, БелаПАН
Мінск, 2 жніўня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1027/8335
Текущая дата: 24.12.2024