Белорусский портал в Казахстане

З нагоды 75-годдзя каўбасы "Доктарская" спецыялісты расказалі, як змяніўся прадукт за гэтыя гады



Калі параўноўваць цяперашнюю доктарскую каўбасу з ранейшай, то можна сказаць, што ў вытворцаў "у цэлым атрымліваецца прадукт ідэнтычнай якасці". Пра гэта 22 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіла загадчыца сектара стандартызацыі мясной галіны РУП "Інстытут мяса-малочнай прамысловасці" Таццяна Дзёмчына.

Паводле слоў спецыяліста, цяпер рэцэптуру прадукту "мае права распрацоўваць вытворца". Прычым рэцэпт на этыкетку не выносіцца, там апісваецца толькі сыравінны склад, які, схільная думаць Таццяна Дзёмчына, усё ж падобны на той, што павінен выкарыстоўвацца для вырабу традыцыйнай доктарскай каўбасы. Хоць, не выключыла спецыяліст, некаторыя маніпуляцыі з рэцэптам магчымыя — з-за асаблівасцяў сыравінных запасаў, якія прадпрыемства жадае выкарыстоўваць больш рацыянальна.

Таццяна Дзёмчына растлумачыла, што араматычныя дабаўкі, якія палохаюць сучасных спажыўцоў, дапамагаюць "утрымліваць мясную сістэму фаршу". "Але ўсе гэтыя харчовыя дабаўкі, што існуюць у рэспубліцы і нанесены на этыкетку, сертыфікуюцца Міністэрства аховы здароўя", — падкрэсліла спецыяліст.

Пасля прэс-канферэнцыі адзін з вытворцаў правёў для журналістаў і спецыялістаў невялікую дэгустацыю прадукту-юбіляра.

Нагадаем, "Доктарскую" пачалі вырабляць у 1936 годзе. У той час яна прызначалася для лячэбнага харчавання хворым пасля перанесенага працяглага галадання.

БелаПАН
22 ліпеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1030/8128
Текущая дата: 15.11.2024