Белорусский портал в Казахстане

Свята гаючага Бразгуна



У Чэрыкаўскім раёне адбыўся старадаўні абрад на культавай крыніцы, якая называецца Бразгун. Яго арганічна дапоўніла арганізаванае ўладамі свята царкоўных і духоўных спеваў.

Бразгун — ад "бразгаць". Паводле мясцовага падання, калісьці даўно струмень вады з такім грукатам вырваўся з зямлі, што гукі пачулі ва ўсёй акрузе. Людзі ў вёсцы Наркі, што непадалёк, палічылі гэтую падзею добрым знакам.
Гавораць, што з імі не пагадзіўся мясцовы пан, бо яму нібыта перашкаджала спаць шумлівая лясная крыніца. Людзі ўтаймавалі струмень у калодзежны зруб, а пан хутка пайшоў з жыцця.

Наконт "пайшоў з жыцця": падобных гісторый у Нарках раскажуць нямала пра тых, хто рабіў замахі на святое месца. Напрыклад, у 1960-х гадах, калі савецкія ўлады вырашылі спыніць паломніцтва да святых крыніц, былі праблемы і ў механізатара, які згарнуў Бразгун, і ў старшыні калгаса, які даў яму такую працу. І самае галоўнае, што ўсе пакуты дарэмныя: людзі зноў адкапалі сваю любімую крыніцу...

Але ўсё ж шчаслівых расповедаў пра Бразгун нашмат болей. Вернікі ідуць сюды па здароўе і пазбаўленне ад няшчасцяў, моляцца за сваякоў і дзяцей, і многія з удзельнікаў свята гатовы расказаць пра дабрыню Бразгуна — вылячэнне ад хваробаў і жыццёвую ўдачу.

Раз на год да гэтага помніка прыроды мясцовага значэння з`язджаецца шмат людзей. Сёлета сабралася некалькі соцень. Гэта адбываецца пасля дня святых апосталаў Пятра і Паўла, бо менавіта ў гэты дзень забразгала ў лесе пад Наркамі крыніца.

 Непадалёк ад Бразгуна прыпаркавалася з паўсотні прыватных аўтамабіляў з Магілёўскай і суседніх абласцей (у тым ліку і расійскіх), аўтобусы і мясцовыя фурманкі.

— Я з Расіі, але нарадзіўся тут, у аколіцах Бразгуна, і акурат на дзень свята: таму і назвалі мяне ў гонар святога — Паўлам, — расказвае малады мужчына. — Штогод я вяртаюся на радзіму і набіраю вады. Гэтым разам прыехаў з жонкай і маленькім сынам.

Народ хоча набраць вады пасля царкоўнага абраду асвячэння, а таксама пакланіцца вясковаму абразу Пятра і Паўла, які раз на год урачыстым шэсцем разам са святарамі выносіцца да крыніцы.

У старадаўнія часіны на ўсходзе Беларусі існаваў звычай даваць аброк на агульную карысць вёскі — грашамі ці харчамі. Вось на такія сродкі і і замовілі калісьці ў Нарках абраз святых Пятра і Паўла, якіх мясцовыя сяляне лічаць за сваіх заступнікаў. Мяркуецца, што гэты вясковы абраз зроблены напрыканцы ХІХ стагоддзя.

Даўней штогод у Нарках адбывалася вялікая падзея: абраз пераносілі з аднаго дома ў іншы. І гэтае сапраўды ўсенароднае ўшанаванне, верылі людзі, ратуе іх ад пажараў і эпідэмій.

Захавальнік абраза павінен быў строга дбаць цэлы год і пра парадак на святой крыніцы. Крыніцу цяпер даглядаюць і ўлады: стары калодзежны зруб рамантуюць, у свята арганізоўваюць канцэрт і кірмаш, даглядаюць крыніцу. І апошняе зусім не лішняе: нехта не пабаяўся расповедаў пра непрыемнасці для нядобразычліўцаў Бразгуна і скраў трубу на металалом, дык цяпер усталявалі пластмасавую, каб не было спакусы зарабіць на святым месцы.

Цяпер абраз штогод выносяць да крыніцы, але пераносяць з хаты ў хату толькі раз на чатыры гады. У вёсцы становіцца ўсё меней людзей, і старажылы вырашылі зрабіць папраўкі на сучасныя рэаліі ў старажытным абрадзе.

Ніна Акімаўна Гаспадарова, Любоў Мікалаеўна Чапеліна, Віктар Мікалаевіч Князеў — паважаныя вяскоўцы, захавальнікі традыцыі і абраза. Яны прыходзяць на свята у беларускіх нацыянальных строях, у вышыванках. Нясуць вялікую свечку, якую нарошчваюць воскам ужо два дзясяткі гадоў.

Сёлета, як і шмат гадоў таму, людзі ішлі да святочна ўбранага абраза апосталаў Пятра і Паўла, цалавалі яго і праходзілі пад ім. Гавораць, што гэта надзейны спосаб захаваць здароўе і жыццёвы спакой. Пасля абраду публіка атрымала асалоду ад духоўных спеваў: пасярод лесу на сцэне іх прадставілі харавыя калектывы.

Ілона Іванова.Чэрыкаўскі раён.
Звязда, 15 ліпеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1032/7971
Текущая дата: 15.11.2024