Белорусский портал в Казахстане

Час у даспехах



Каб трапіць на некалькі стагоддзяў назад, трэба толькі хвілін 15-20. Роўна столькі ў вас зойме дарога ад Мінска да вёскі Астрашыцкі гарадок, дзе размяшчаецца гісторыка-культурны цэнтр "Рыцарскі замак".

Атмасфера часоў адважных рыцараў і прыгожых дам аднаўляецца ў былым пансіянаце "Тэатральны". Пакуль будынак выглядае як пашарпанае часам будынак, але гэта толькі звонку, а вы зайдзіце ўсярэдзіну — трапіце ў сапраўдны замак з калонамі, вінтавымі лесвіцамі, вітражамі, ляпнінай, скульптурамі. І гэта толькі пачатак, пэўныя работы па пераўтварэнні будынка ў замак будуць працягвацца да 2015 года. Пад даўніну перарабляюцца інтэр`еры, навакольная тэрыторыя таксама будзе сапраўдным уладаннем рыцараў. Ужо зроблена рысталішча. Плануецца , што ў хуткім часе з`явіцца стрэльбішча, парк асаднай тэхнікі. Тут жа будзе дзейнічаць уласная стайня. У сярэднявечным прыстанку аматары рамантыкі змогуць паназіраць за коннымі паядынкамі рыцараў альбо пакатацца на конях ці ў сярэднявечнай павозцы. І звонку будынак таксама зменіцца, з`явяцца вежы. Плануецца, што будзе і падсветка.

На вуліцы гандлёвых гільдый будуць размяшчацца майстры, гандляры стануць прапаноўваць упрыгожанні, посуд, зброю, даспехі, вопратку. Турніры па стрэлах з лука, ролевыя гульні, фаер-шоу і феерверкі, гістарычныя фестывалі, тэматычныя вечарынкі — такім насычаным будзе жыццё замка. Ды тут ужо шмат чаго робіцца. Гісторыка-культурны цэнтр "Рыцарскі замак" — сумесны праект Міжнароднага грамадскага аб`яднання "Рыцары Утрамера" і Саюза тэатральных дзеячаў, прычым ідэйна натхняецца Аляксеем Дударавым.

Пагрузіцца ў сярэднявечны побыт, святы і забавы, ужо сёння можа любы ахвотны. Тут дзейнічае гасцініца (нумары якой з цягам часу таксама набудуць сярэднявечны інтэр`ер), кухары замка частуюць гасцей стравамі і напоямі, зробленымі ў тым ліку і па старажытных рэцэптах, арганізоўваюцца спецыяльныя праграмы, ладзяцца святы.
_____________________
— Калі толькі пачыналі займацца рыцарствам, мы не дзялілі людзей на аўтэнтычных і неаўтэнтычных, — заўважае дырэктар ААТ "Рыцарскі замак" Дзмітрый Нясцюк (магістр Ордэна Паўночнага Храма Гадфруа дэ Манмірайль). — Зараз назіраюцца тэндэнцыя ў рыцарскім руху Беларусі, якая, на мой погляд, шкодзіць яму. Многія прынялі канцэпцыю сыходу ад сучаснасці, яны хочуць, каб на фестывалях не было гледачоў, каб усё, што тут робіцца, было звязана толькі з сярэднявечнай культурай. Мы лічым, што гэта шлях у нікуды. Калі група, няхай нават добрых рэканструктараў нікому не паказвае свае працы, папулярызацыі ўсяго гэтага не адбываецца. А ўсё што робіцца, ствараецца не толькі для сябе, а і для людзей. Мы ствараем гістарычнае асяроддзе, заснаванае на традыцыях сярэднявечча. Мы хочам, каб гэта арганічна было ўпісана ў нашу беларускую культуру, стараемся як мага болей прыцягваць людзей з розных напрамкаў. Фестываль ладзіцца з прыцэлам на спалучэнне розных культур. У нас заўсёды выступала шмат розных калектываў, і многія з іх не былі звязаны з сярэднявеччам, але арганічна ўпісваліся ў праграму. Напрыклад, людзі з задавальненнем слухаюць песні Аляксандры і Канстанціна. Як можна "адсячы" такія цудоўныя рэчы? Сам замак задумваўся як мультыфестываль, і тут могуць сябе паказаць рэканструктары розных эпох. У Маскве адчыняецца байк-аддзяленне Ордэна Паўночнага Храма. А ў жніўні мы плануем, што ў рыцарскім замку пройдзе першы ў Беларусі сінтэз-фестываль, дзе збяруцца конныя рыцары і байкеры на матацыклах. Гэта аб`яднанне дзвюх культур: рыцараў двароў і рыцараў сярэднявечча. Байкеры рыхтуюць праграму, яны будуць змагацца з мячамі і коп`ямі ў сярэднявечных даспехах.

Мы не зацыкліваемся толькі на сярэднявечных фестывалях, кожныя 2 тыдні ў нашым замку адбываюцца цікавыя мерапрыемствы, касцюміраваныя вечарынкі, традыцыйныя канцэрты, кінаклуб. Касцюміраваныя мерапрыемствы прывабліваюць і рэканструктараў, і ралевікоў, і людзей, якія захапляюцца музыкай. У нас праходзіць шмат мерапрыемстваў, у тым ліку вяселлі і карпаратывы. Рыцарскі замак прыцягвае людзей розных напрамкаў, некаторыя прыходзяць у наш рух. Гэта і ёсць папулярызацыя.

— Атрымліваецца, што пераход рыцарства на камерцыйныя асновы спрыяе яго развіццю?

— Я бы не казаў, што рыцарства пераходзіць на камерцыйную аснову. Пакуль мы не камерсанты, а энтузіясты, бо ўсе тыя сродкі, што зарабляем, укладаем у развіццё. І пакуль гэта больш выдаткі, чым заробкі.

— Рыцарства можна назваць прафесіяй?


— Пакуль наўрад ці. Гэта лад жыцця. А прафесіяй стане тады, калі з`явіцца шмат падобных цэнтраў і людзі пачнуць працаваць у іх на пастаяннай аснове. Але мы, напэўна, першыя, хто спрабуе рыцарства зрабіць прафесіяй. Мы першыя плацім людзям заробак за тое, што яны працуюць у нашым цэнтры.

— Калі не было замка, з якімі праблемамі сутыкаліся рыцарскія клубы?

— З адсутнасцю нармальных пляцовак. Мала памяшканняў, дзе мы маглі б адчуваць сябе спакойна: заўсёды прыходзяць людзі, якія пачынаюць дыктаваць свае ўмовы. Напрыклад, складана працаваць маладым людзям, якія займаюцца рэканструкцыяй, — у Мінску ўсе майстэрні падвальнага тыпу. Майстэрня добра развіваецца, а пасля можа прыйсці адміністрацыя і зачыніць яе, таму што шум некаму перашкаджае. Многія клубы пераходзяць з памяшкання ў памяшканне, іх выганяюць не таму, што яны дрэнныя, а таму, што робяць справу, якая не ўпісваецца ў структуру мегаполіса. Тут нам не трэба азірацца, што нехта прыйдзе і скажа, што шумна тое, што вы робіце, або "выключце электрадрылі і перайдзіце на малаткі і напільнікі" (такое таксама было).

Гэта першая спроба выйсці за межы Мінска. Я лічу, усе традыцыйныя рамёствы сярэднявечча павінны адбывацца больш на прыродзе, чым у горадзе. Тут будуць майстэрні розных кірункаў, ад кузні — да вырабу касцюмаў, даспехаў. Музычныя гурты рэгулярна прыязджаюць сюды, жывуць тут, рэпетуюць.

Пакуль у нас такога няма, як у Еўропе, дзе людзям аддаюць цэнтры, будынкі прама ў горадзе.

— А калі прыязджаюць замежнікі, то ім і паказаць асабліва няма чаго...

— Для таго і ствараем цэнтр. Галоўнае —тут ёсць свабода для творчасці, шмат усяго сабрана ў адным месцы. Гістарычны цэнтр будзе садзейнічаць у тым ліку і папулярызацыі нашай краіны. У Еўропе рыцарскі рух развіваецца з 30-х гадоў, у нас з 90-х.

У нас зараз перыяд станаўлення. Мы ўсе павырасталі. Калі мы толькі пачыналі, нам было па 20-25 гадоў, а зараз па 30-40, многім па 50. Мы пасталелі, шмат што ведаем і ўмеем, разумеем, як трэба рабіць.

— Сёння ў Беларусі прапагандуюцца розныя віды турызму: агра, эка, лясны турызм. А ці можа развівацца і рыцарскі?

— Ён развіваецца. Думаю, у нас з`явяцца і паслядоўнікі. Беларусы шмат чаго ўмеюць і ведаюць, але не могуць правільна прадаць свой прадукт. У нас шмат майстроў, якія робяць шыкоўныя рэчы, сувеніры, касцюмы. Шмат цікавых мясцін і добрая кухня. Але мы не можам гэта падаць. Саромеемся павучыцца ў Еўропе, як гэта робіцца, увесь час шукаем свае спосабы, прыдумляем тое, што ўжо прыдумана. Замест таго, каб выдумляць веласіпед, трэба проста ўзяць яго і паехаць на ім. Таму мы і вырашылі ісці шляхам пракладзеным. Паглядзелі, як у Еўропе адбываецца, бо там напрацаваны багаты вопыт.

— Але ж трэба нечым і адрознівацца?


— Мы і адрозніваемся. Мы арганічна ўбіраем усе дасягненні другіх культур. Беларусы ўспрымальныя, але яны ствараюць шмат свайго, паляпшаюць тое, што ёсць. Хіба гэта не нацыянальная асаблівасць? Можна ўзяць для прыкладу нашы музычныя інструменты.

Не трэба адмаўляць еўрапейскі вопыт. Мы частка вялікай еўрапейскай культуры і не варта адлучаць сябе ад некага, быць у вакууме. Тое ж самае: мы, хто робіць рыцарскі рух, — частка соцыума. Рыцары ХХІ стагоддзя не павінны адмаўляць нейкія элементы сучаснасці, як і адмаўляць традыцыі. Мы стараемся знайсці нейкі баланс, зрабіць так, каб і традыцыі захаваць, і карыстацца сучаснымі элементамі іх рэканструкцыі.

— Рыцарства мяняецца з цягам часу?

— Па першае, мяняюцца людзі. Па другое, рыцарства, як і любы соцыум, схільнае да ўплыву нейкіх культур і моды. Адзін час модна было рэканструяваць больш маральныя і духоўныя прынцыпы. Цяпер упор робіцца на касцюмы і даспехі. Лічым, што гэта няправільна, трэба ва ўсім прытрымлівацца балансу. Моладзі зараз хацелася баёў. Яны прыдумалі спорт. Не лічу, што гэта добра ці дрэнна. Усё павінна мець сваё месца. Мы займаемся традыцыйнымі рыцарскімі турнірамі. Няхай будзе і спорт, калі гэта камусьці трэба. Галоўнае, каб людзі адзін аднаго не калечылі, усё прыносіла радасць. Мы ўсяляк імкнёмся з нашых радоў выключаць моманты нянавісці і непрыязнасці, мы заўсёды культывавалі братэрскую любоў.

— Як ставіцеся да таго, што сёння турыстычныя кампаніі выкарыстоўваюць рыцараў у сваіх праграмах?

— Нармальна, папулярызацыя гісторыі — асноўная наша мэта. Чым больш усюды будуць запрашаць рыцараў, тым лепш. Я не лічу, што дрэнна, што мы ствараем нейкі міф аб нашай культуры. Можа, тое, што многімі робіцца, да гісторыі не мае дачынення, але для папулярызацыі турызму гэта добра.

— Ці варта весці ў рыцарскія клубы дзяцей?

— Проста неабходна. гэта толькі ўзбагаціць кругагляд, зробіць чалавека больш выхаваным. У хлопчыкаў развіваюцца мужчынскія якасці, у дзяўчат — жаноцкасць.

Алена Дзядзюля
Звязда
3 жнiўня 2011 года

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1035/8360
Текущая дата: 26.12.2024