Белорусский портал в Казахстане

Апазіцыя заяўляе, што знаходзіцца ў кантакце з ініцыятарамі акцыі "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку"



Беларуская апазіцыя знаходзіцца ў кантакце з ініцыятарамі акцыі "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку". Пра гэта было заяўлена 29 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску

"Сёння мы, нашы актывісты будуць там (на акцыі маўклівага пратэсту. — БелаПАН.). Гэта прыклад сумесных дзеянняў", — заявіў лідар Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргей Калякін.

За некалькі гадзін да прэс-канферэнцыі ініцыятары "Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку" распаўсюдзілі адрасаваны лідарам апазіцыі адкрыты ліст з прапановай аб`яднацца ў адну кампанію.

"Чаму вы не можаце аб`яднацца ў адну кампанію, прыпыніць членства ў вашых арганізацыях і партыях да перамогі, наклаўшы мараторый на любую працу, апрача як адзінай камандай? Няўжо ёсць нейкія асабістыя інтарэсы і амбіцыі, якія больш важныя за рэальную перамогу? Або кожны з вас лічыць, што мае нейкую рэальную сілу?" — цікавяцца аўтары ліста.

Яны прапаноўваюць палітыкам "прыпыніць сваю дзейнасць да моманту перамогі". "Пасля перамогі пройдуць дэмакратычныя выбары, і паступова краіна набудзе дастойную каманду кіраўнікоў", — гаворыцца ў адозве.

Каментуючы гэту прапанову, Калякін заявіў, што не варта "разбураць тое, што ёсць, не ведаючы, што будзе". "Разбураць партыі нельга. Гэта быў бы падарунак уладам", — мяркуе ён.

На думку лідара Аб`яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, "трэба быць прагматыкам". "У зарэгістраваных арганізацый ёсць магчымасці, якіх няма ў незарэгістраваных. У кожнай арганізацыі ёсць свае моцныя бакі, пэўная спецыфіка. Важна ўсе іх выкарыстаць для працы над агульнай справай", — сказаў ён.

Нагадаем, група актывістаў сацыяльных сетак выступіла ініцыятарам акцый мірнага пратэсту, якія праходзяць з 8 чэрвеня кожную сераду па вечарах на галоўных плошчах беларускіх гарадоў. Людзі не выкрыкваюць лозунгаў і заклікаў, а проста збіраюцца разам і перыядычна пляскаюць у далоні. Такім чынам яны выказваюць сваю нязгоду з палітыкай кіраўніцтва краіны.

Падчас папярэдняй акцыі, 22 чэрвеня, паводле звестак праваабаронцаў, у розных гарадах Беларусі было затрымана больш як 460 чалавек. Большасць з іх адпусцілі пасля высвятлення асобы, астатніх аштрафавалі нібыта за дробнае хуліганства.

Сяргей Каралевіч, Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 29 чэрвеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1037/7580
Текущая дата: 15.11.2024