Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка: "у бліжэйшы час будзе прынята канчатковае рашэнне аб выхадзе на адзіны абменны курс беларускага рубля"



У Беларусі ў бліжэйшы час будзе прынята канчатковае рашэнне аб выхадзе на адзіны абменны курс беларускага рубля. Аб гэтым заявіў 27 ліпеня Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам старшыню праўлення ААТ "ААБ Беларусбанк" Надзею Ермакову.

"Думаю, што ў бліжэйшы час нам трэба будзе канчаткова прыняць рашэнне, таму што інфармацыі сёння дастаткова для таго, каб адкрыта сказаць, што мы будзем рабіць, якое рашэнне будзем прымаць", — сказаў Прэзідэнт. Ён папрасіў Надзею Ермакову выказаць свой пункт гледжання аб перспектывах не проста стабілізацыі валютнага рынку, але выхаду на адзіны абменны курс беларускага рубля ў краіне.

Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што ААТ "ААБ Беларусбанк" на рынку банкаўскіх паслуг краіны з`яўляецца не проста вядучым банкам, а мае значную перавагу, пацікавіўся ў Надзеі Ермаковай сітуацыяй, якая складваецца цяпер у банкаўскай сферы, у сферы фінансаў, а таксама тым, якая назіраецца дынаміка. "Часу прайшло дастаткова для таго, каб даваць ацэнкі, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Я размаўляў са многімі банкірамі, але ўсё ж такі Ашчадны банк — люстэрка фінансавага стану краіны. Таму хацеў бы пачуць, якая сітуацыя на сёння і якая дынаміка".

Акрамя таго, Прэзідэнт выказаў жаданне пачуць, як ААТ "ААБ Беларусбанк" выконвае праграму крэдытавання беларускіх прадпрыемстваў. "Якія тут вострыя пытанні? Зразумела, што сітуацыя няпростая, але тым не менш, якая яна ў плане фінансавання, крэдытавання вашых кліентаў, прадпрыемстваў?" — спытаў кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адным важным пытаннем Аляксандр Лукашэнка лічыць тое, як забяспечваецца валютай насельніцтва.

"Мы дамаўляліся аб тым, што Ашчадны банк, цяпер ужо і іншыя гэту функцыю на сябе бяруць, забяспечыць продаж валюты насельніцтву пад неабходныя патрэбы: хвароба, вучоба. І тое — вучоба з якой мэтай, у інтарэсах дзяржавы або для папаўнення пятай калоны, як у нас некаторыя вучацца за мяжой. Гэта дзяржаўная паслуга, і яна павінна аказвацца ў інтарэсах дзяржавы", — адзначыў Прэзідэнт.

Надзея Ермакова, характарызуючы ў цэлым сітуацыю ў банкаўскай сістэме і на фінансавым рынку, адзначыла яе стабілізацыю. Паводле яе слоў, "насельніцтва супакоілася і з 10 чэрвеня ідзе прыток укладаў у банкаўскую сістэму". За 26 дзён ліпеня прырост укладаў у беларускіх рублях у ААТ "ААБ Беларусбанк" склаў Br150 млрд, у цэлым жа па краіне гэта лічба перавышае Br200 млрд. Што датычыцца валютных укладаў, то іх адток у цэлым таксама спыніўся і ўжо ў асобных банках, дзе працэнтныя стаўкі вышэйшыя, ідзе невялікі прыток.

Надзея Ермакова яшчэ раз падкрэсліла, што ў цэлым у банкаўскай сістэме краіны стабільная сітуацыя. Паводле яе слоў, курсы замежных валют, устаноўленыя Нацбанкам, адлюстроўваюць рэальны ўзровень і не стрымліваюцца адміністрацыйнымі метадамі.

Кіраўніку дзяржавы было таксама даложана аб сітуацыі ў ААТ "ААБ Беларусбанк" з крэдытаваннем дзяржаўных праграм, фінансаваннем будаўніцтва жылля.

ААТ "ААБ Беларусбанк" удзельнічае ў крэдытаванні больш як 50 дзяржпраграм, асноўнай з якіх з`яўляецца будаўніцтва жылля, а таксама крэдытаванне сельскай гаспадаркі. Паводле слоў Надзеі Ермаковай, грашовыя рэсурсы па гэтых напрамках прадастаўляюцца своечасова і ў неабходных аб`ёмах.

Прэзідэнт даручыў больш мэтанакіравана выкарыстоўваць крэдытныя рэсурсы ў рамках дзяржаўных праграм, скарачаючы магчымыя расходы і затраты. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, да кожнай сітуацыі неабходны індывідуальны падыход.

Звязда
28 ліпеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1037/8198
Текущая дата: 27.12.2024