Белорусский портал в Казахстане

Звольнены начальнік Мінскага метрапалітэна



Загадам генеральнага дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства "Мінсктранс" звольнены начальнік Мінскага метрапалітэна Мікалай Андрэеў, паведаміў вечарам 31 мая тэлеканал СТВ.

У ноч на 29 мая на станцыю "Маскоўская" першай лініі праз незачыненыя дзверы зайшлі трое маладых людзей. Маладыя людзі знялі на відэа вестыбюль і перон станцыі, гадзіннік, на якім указаны час — 3.49. Ні міліцыі, ні работнікаў метрапалітэна нідзе не назіралася. Відэа было размешчана ў інтэрнэце (яго, а таксама інтэрв`ю з аўтарам Антонам Піевым можна паглядзець у інтэрнэт-газеце БелаПАН Naviny.by).

31 мая на нарадзе аб ходзе расследавання выбуху на станцыі "Кастрычніцкая" 11 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў: "Адзін нейкі Антон з хлопцамі праніклі ноччу ў метрапалітэн і здымалі гэта ўсё на відэа, выклалі гэта ў інтэрнэт: глядзіце — вось як працуе наша міліцыя і ўсе іншыя на чале з Мальцавым, як яны забяспечваюць выкананне даручэнняў прэзідэнта. Калі гэтыя факты пацвердзяцца, заўтра без пагон застаняцеся".

Мікалай Андрэеў нарадзіўся 19 снежня 1950 года ў Мінску. Адукацыя вышэйшая. У 1977 годзе скончыў Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту па спецыяльнасці. З 1994 па 1999 гады — першы намеснік начальніка — галоўны інжынер Мінскага метрапалітэна. З 17 чэрвеня 1999 года — начальнік метрапалітэна.

Трэба адзначыць, што апошнім часам кантроль пасажыраў на ўваходзе ў метро аслабеў, аднак з 31 мая пасажыраў зноў сталі пільна правяраць.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
31 траўня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1049/6851
Текущая дата: 15.11.2024